БЕЛ Ł РУС

Дашкевіч пра Пазняка: «Гэта разбуральная праца, яна дэмаралізуе, раз'ядноўвае». А Ціханоўскай ён захапляецца

18.02.2026 / 09:00

Вінцэсь Клепачэня

Былы лідар «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч расставіў палітыкаў па ступені іх уплыву на гісторыю Беларусі.

Зміцер Дашкевіч. Скрын відэа: chestnok_live / YouTube

Падчас інтэрв’ю ютуб-каналу «ЧастнОК-LIVE» яго аўтар Аляксандр Івулін прапанаваў Змітру Дашкевічу своеасаблівы бліц. Яму трэба было расставіць пяцярых дзеячаў новай беларускай гісторыі з першага да пятага месца паводле іх уплыву на краіну — не ведаючы, хто будзе названы наступным.

Першым прагучала імя Міколы Статкевіча.

Дашкевіч пасля кароткай паўзы паставіў яго на чацвёртае месца. Пры гэтым ён адзначыў:

«Статкевіч верны тым, што ён абраў, і ён заўсёды вызнаваў, што за ідэі трэба плаціць. А кожная ідэя вартая таго, колькі мы гатовыя за яе заплаціць. Ён плаціць вельмі шмат, фактычна сваім жыццём, даказваючы, што беларуская ідэя свабоды, праўды — вартая такой ахвяры».

Наступным у спісе стаў Аляксандр Мілінкевіч. Яму Дашкевіч аддаў пятае месца.

«Мілінкевіч круты тым, на маю думку, што ён адзін з тых, хто найменей пантуецца, і ў яго словы найболей адпавядаюць учынкам. Паслядоўны, накіраваны чалавек, які служыць Беларусі доўгія гады», — ахарактарызаваў яго Зміцер.

Калі вядоўца назваў Віктара Бабарыку, у Дашкевіча ўжо заставаліся толькі першае, другое і трэцяе месцы. Ён паставіў Бабарыку на трэцяе, не пракаментаваўшы свой выбар.

Першае месца, паводле Дашкевіча, належыць Святлане Ціханоўскай.

Ён адзначыў, што яна ўзяла на сябе адказнасць, «якую не збіралася браць», у сітуацыі, калі магла сказаць: «Я тут ні пры справах, чаму я павінна?». Паводле Дашкевіча, у сваім рашэнні заняць месца мужа пасля яго арышту Ціханоўская кіравалася каханнем і, магчыма, шлюбнай клятвай «быць вернай і ў шчасці, і ў няшчасці, і ў долі, і ў нядолі».

«І, апроч гэтага, яна вельмі-вельмі высока пайшла далей. Яна развіваецца як чалавек, як палітык, як грамадскі дзеяч. Яна ўздымаецца высока дзякуючы таму, што яна вельмі адэкватны чалавек, таленавіты, бачыць праблемы… Можна толькі захапляцца», — сказаў Дашкевіч.

Апошнім заставаўся Зянон Пазняк, якому ў выніку дасталася другое месца. Дашкевіч адзначыў, што гэта месца вызначыла сама логіка гульні.

Аднак, разважаючы пра ролю Пазняка, ён перайшоў да больш шырокай філасофскай ацэнкі:

«Тут вельмі важная гаворка пра тое, што праўда вымяраецца любоўю. Калі праўда не вымерана любоўю, яна перастае быць праўдай. Яна становіцца няпраўдай. На жаль, я мяркую, большасць з таго, што робіць Пазняк, ён робіць без любові. А калі ты робіш нешта без любові, ты разбураеш. І гэта разбуральная праца. Праца, якая дэмаралізуе, якая раз'ядноўвае».

У якасці аргумента ён прывёў словы апостала Паўла: «Калі я маю веру, каб і горы перастаўляць, і калі я маю прароцтва і ўсе адкрыцці, а любові не маю — я нішто». Паводле Дашкевіча, нават наяўнасць прароцтва ці моцнай веры без любові ператвараецца ў «медзь, якая звініць, ці цымбалы, якія гудуць».

«І вот ёсць шмат, на жаль, людзей, якія быццам бы і прароцтва маюць, і быццам бы веру маюць, але робяць гэта без любові. І гэта разбуральная праца», — рэзюмуе Дашкевіч.

Чытайце таксама:

Дашкевіч расказаў, як трапіў за кратамі ў нізкі статус і напісаў прашэнне аб памілаванні

«Гэты хлопец, відаць, падасланы — у яго боты начышчаныя»: Севярынец расказаў гісторыю з’яўлення Дашкевіча ў «Маладым фронце»

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

Чалавек года «Нашай Нівы» — Мікола Статкевіч

Каментары да артыкула