БЕЛ Ł РУС

«Хочаш, каб у цябе ногі адмовілі, як у Ігнатовіча?» Лосік расказаў, як перасякаўся ў турме з асуджанымі за забойства Дзмітрыя Завадскага

16.02.2026 / 23:34

Nashaniva.com

Былы палітвязень Ігар Лосік напісаў на сваёй фэйсбук-старонцы чарговыя ўспаміны з часоў свайго зняволення. Гэтым разам ён успомніў, як ускосна перасякаўся ў турме з былымі афіцэрамі падраздзялення «Алмаз», якіх пасадзілі за выкраданне і забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 2000 годзе — Валерыем Ігнатовічам і Аляксеем Гузам.

Валерый Ігнатовіч (ляжыць), Максім Малік і Аляксей Гуз у зале суда. 2002 год. Фота: ТАСС

Калі я трымаў галадоўку ў Жодзіне ў студзені 2021 года, мяне вельмі рознымі спосабамі спрабавалі пераканаць яе спыніць. І начальнік медчасткі Жодзіна аднойчы сказаў: ты што, хочаш, каб у цябе ногі адмовілі ад доўгай галадоўкі, як у Ігнатовіча? Ён не прымае ежу больш за 50 дзён і ўжо не будзе хадзіць. І ў цябе будзе таксама, будзем праз трубачку карміць або праз клізму.

Ужо ў сакавіку, калі я ўскрыў вены і мяне за гэта кінулі ў карцар, я чуў, як там непадалёк увесь час крычаў і стагнаў ад болю гэты Ігнатовіч. Зразумеў я гэта, бо прадольныя часам называлі яго па прозвішчы. Ён крычаў проста суткамі — і ўдзень, і ўначы, і гэта было вельмі жудасна. Праўда, прадольныя з гэтага смяяліся і жартавалі з яго.

Валерый Ігнатовіч пасля звальнення з «Алмаза» трэніраваў рускіх нацыяналістаў. Кадр з відэа

На магілёўскай «крытцы» сядзеў Аляксей Гуз. Ён нікому не кажа, хто ён і за што сядзіць. Гадоў з 20, а можа і больш, ён знаходзіўся ў адзіночцы. Яму спрабавалі закідваць людзей у камеру, але ён іх заўсёды біў, у тым ліку супрацоўнікаў СІЗА, так што з часам яго пакінулі аднаго і больш такіх спробаў не рабілі.

Барада ў яго ніжэй за пояс. Гуляць выводзяць у кайданках на руках і на нагах. Сам з сабой размаўляе ўжо, смяецца, але дыялог падтрымаць можа па міжкамернай сувязі. Пра сваю «дзелюгу» не кажа ніколі, тыпу «разбой, нічога цікавага». Ён пастаянна выкідвае посуд на прадол, калі яму прыносяць яго ў камеру. Быццам бы павінен ужо вызваліцца, бо яму прысудзілі 25 гадоў.

Чытайце таксама:

Лосік: Гэбіст назваў Азаронка неадэкватным

Лосік: Кадэбісты выбіваюць паказанні, імітуючы ўтапленне

Стала вядома, у якіх жахлівых умовах трымаюць у зняволенні псіхіятра Ігара Пастнова

«Трэба падмацаванне, мы не можам іх стрымліваць!» Лосік расказаў, як адчувалася 9 жніўня на Валадарцы

Каментары да артыкула