БЕЛ Ł РУС

Акіян за некалькі дзён змяніў аблічча аднаго з самых вядомых пляжаў Ісландыі

14.02.2026 / 17:52

Ідаля Салавей

Яшчэ на пачатку тыдня да знакамітай пячоры сярод базальтавых калон можна было дайсці пешшу. Цяпер на гэтым месцы — вада і стромкі абрыў. За некалькі дзён Атлантычны акіян істотна змяніў абрысы аднаго з самых вядомых пляжаў Ісландыі.

Чорны пляж Рэйнісф’яра ў снежні 2025 года (злева) і ў лютым 2026. Фота: _adanneya / Х

На паўднёвым узбярэжжы вострава, у даліне Мірдалур, знаходзіцца Рэйнісф’яра — чорны вулканічны пляж, які лічыцца адной з галоўных прыродных славутасцяў краіны. Ён адметны базальтавымі калонамі, пячорай ля падножжа скал і магутнымі хвалямі Атлантыкі. Штогод сюды прыязджаюць сотні тысяч турыстаў, і пляж з’яўляецца абавязковым пунктам большасці экскурсійных маршрутаў па поўдні Ісландыі.

Praia de areia preta de Reynisfjara, na Islândia, considerada uma das mais perigosas do mundo

Muitas pessoas já foram mortas por ela, e é proibido virar de costas quando estiver próximo dela. pic.twitter.com/0fMl6nMd5a

— Goliaz (@Thomas_Andre_68) January 17, 2026

Так пляж выглядаў раней. Відэа: accuweather / Х

Аднак за некалькі дзён лютага аблічча пляжа кардынальна змянілася. Як паведамляе сайт icelandmonitor.mbl.is, берагавая лінія была літаральна перакроеная морам. Там, дзе раней цягнуўся шырокі пясчаны ўчастак, цяпер стаіць глыбокая вада. Замест даволі роўнага выхаду да акіяна ўтварыўся высокі стромкі абрыў, а ўздоўж лініі прыбою ляжаць вялікія валуны. У пясчанай зоне, пад самым абрывам, відаць масіўныя камяні, якія хвалі з сілай перакочваюць уздоўж берага.

Са слоў мясцовых гідаў, магутныя плыні вымылі дзясяткі метраў пяску. Калі яшчэ нядаўна можна было падысці непасрэдна да базальтавых калон і пячоры, то цяпер мора даходзіць да саміх скал, а вада залівае ўваход у грот. Назіральнікі адзначаюць, што змены адбыліся надзвычай хутка — пляж стаў выглядаць зусім інакш літаральна за пару дзён.

Рэйнісф’яра вядомая не толькі сваёй прыгажосцю, але і небяспекай. Атлантычныя хвалі тут асабліва магутныя і непрадказальныя. Раней ужо здараліся трагічныя выпадкі, калі людзей, якія падыходзілі занадта блізка да вады, змывала раптоўнымі хвалямі і выносіла ў акіян.

The famous black sand beach, known as Reynisfjara was partially eroded by the ocean during a recent storm in Iceland pic.twitter.com/vzkvOqK5Ys

— Surajit (@Surajit_) February 13, 2026

Новая канфігурацыя берага можа павялічыць рызыку. Эксперты звяртаюць увагу, што турысты спрабуюць спускацца з новаўтворанага абрыву да самай вады. Пакуль надвор’е выглядае спакойным, небяспека можа здавацца мінімальнай. Але калі хвалі раптоўна ўзмоцняцца, тым, хто апынецца ўнізе, будзе цяжка хутка падняцца назад па крутым схіле. У сувязі з гэтым гучаць заклікі ўзмацніць кантроль на пляжы, не чакаючы новага няшчаснага выпадку.

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што ўзбярэжжа Ісландыі заўсёды знаходзіцца ў руху — пясок пастаянна перамяшчаецца, берагавая лінія змяняецца. Аднак цяперашнія працэсы адбываюцца ў значна большым маштабе, чым звычайна. На працягу некалькіх тыдняў студзеня-лютага краіна знаходзілася пад уздзеяннем устойлівых моцных усходніх вятроў. Вялікія аб’ёмы пяску былі змытыя і перанесеныя на захад, у бок мыса Дзюрхалай.

Сіноптыкі тлумачаць гэта спалучэннем шырокай вобласці высокага ціску на поўначы краіны і глыбокіх цыклонаў на поўдні. Паўднёвае ўзбярэжжа апынулася ў зоне сутыкнення гэтых сістэм, што і прывяло да інтэнсіўнай эрозіі.

Iceland's landscape is forever changing. Saw some recent videos of Reynisfjara & it looks so different from what I saw last December.

Weeks of strong easterly winds have nearly eroded the shoreline. Mother Nature always reminds us who is in charge.

PS: 1-3: 2/12/25
4: 2/26. pic.twitter.com/bsyuwU37wb

— Name Cannot Be Blank (@_adanneya) February 13, 2026

Нягледзячы на маштабныя змены, назіральнікі не чакаюць зніжэння турыстычнай цікавасці. Для большасці наведвальнікаў гэта першы візіт, і яны ўспрымаюць пляж такім, якім бачаць яго цяпер. Аднак падзеі апошніх дзён сталі нагляднай ілюстрацыяй таго, наколькі хутка на вулканічным узбярэжжы Паўночнай Атлантыкі могуць змяняцца нават самыя вядомыя і, здавалася б, звыклыя краявіды.

Чытайце таксама:

Пацяпленне клімату можа кардынальна замарозіць Ісландыю

У Ісландыі ўпершыню за ўсю гісторыю выявілі камароў

Гальфстрым спыняецца? Поўнач Еўропы, у тым ліку і Беларусь, можа ператварыцца ў тундру

Каментары да артыкула