БЕЛ Ł РУС

У Нарвегіі сур'ёзна ўзяліся за былога прэм'ера, які сябраваў з Эпштэйнам і спрыяў Пуціну

12.02.2026 / 23:59

Nashaniva.com

Паліцыя Нарвегіі правяла ператрусы ў дамах былога прэм’ер-міністра Турб’ёрна Ягланда. Раней з палітыка быў зняты імунітэт у межах расследавання яго сувязяў з фінансістам Джэфры Эпштэйнам, паведамляе Euronews.

Турб'ёрн Ягланд. Фота: AP Photo/Mikhail Metzel

Як паведаміў адвакат Ягланда, ператрусы адбыліся 12 лютага і праводзіліся спецыялізаваным падраздзяленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Okokrim. Расследуецца магчымы карупцыйны бок адносін былога прэм'ера з Эпштэйнам.

Скандал узнік пасля таго, як у студзені Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала дакументы, з якіх вынікае, што Ягланд і яго сям’я наведвалі дом Эпштэйна ў 2011—2018 гадах, калі Ягланд быў кіраўніком Нобелеўскага камітэта па прэміі міру і генеральным сакратаром Рады Еўропы.

Рада Еўропы задаволіла просьбу нарвежскіх уладаў аб адкліканні імунітэту Ягланда. Паводле прадстаўнікоў Рады, імунітэт прызначаны для абароны незалежнага выканання службовых абавязкаў, а не для асабістай выгады.

Турб’ёрн Ягланд быў спрэчнай фігурай на міжнароднай арэне: яго крытыкавалі за нібыта празмерна дружалюбнае стаўленне да расійскага кіраўніцтва і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе Расія была пад санкцыямі, але ў 2019 годзе Ягланд узначаліў спробы аднавіць права Масквы на галасаванне ў Радзе Еўропы. Толькі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Расія была выключаная з арганізацыі. Аналітыкі і члены Рады Еўропы крытыкавалі Ягланда за тое, што ён нібыта паддаўся на расійскі «шантаж».

Апублікаваныя файлы Эпштэйна таксама ўключаюць эпізоды з удзелам іншых нарвежскіх публічных асоб, напрыклад, кранпрынцэсы Метэ-Марыт, якая ў 2013 годзе брала ў арэнду нерухомасць Эпштэйна. У 2012 годзе ў перапісцы з Эпштэйнам яна зрабіла выказванні, за якія пазней папрасіла прабачэння.

Былы пасол Нарвегіі ў Іарданіі Мона Юул пайшла ў адстаўку пасля таго, як стала вядома, што Эпштэйн пакінуў яе дзецям $10 мільёнаў у завяшчаннi. Міністэрства замежных спраў Нарвегіі працягвае расследаванне яе кантактаў з Эпштэйнам.

Чытайце таксама:

Стваральніца знакамітага беларускага мадэльнага агенцтва пракаментавала яго згадкі ў файлах Эпштэйна

У файлах Эпштэйна згадваецца знакамітае беларускае мадэльнае агенцтва

Урад Кіра Стармера трапіў у сур'ёзны палітычны крызіс. І ўсё зноў з-за Эпштэйна

AP: ФБР не знайшло доказаў таго, што Эпштэйн кіраваў сеткай па гандлі людзьмі

Біл Гейтс шкадуе пра кожную хвіліну, праведзеную з Джэфры Эпштэйнам

Туск: Сетка Джэфры Эпштэйна магла быць маштабнай аперацыяй расійскіх спецслужбаў па вербаванні заходніх эліт

Сэкс-імперыя Эпштэйна магла быць праектам КДБ для збору кампрамату на сусветных лідараў

Каментары да артыкула