«Першы раз чую». Зяленскі пракаментаваў інфармацыю, што нібыта абвесціць выбары 24 лютага
Брытанскае выданне Financial Times паведаміла, што ва Украіне нібыта пачалі рыхтавацца да правядзення прэзідэнцкіх выбараў і рэферэндуму адносна мірнай дамовы з Расіяй. Паводле звестак газеты, абвяшчэнне выбараў магло б адбыцца 24 лютага — у гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Аднак у камандзе прэзідэнта Украіны заявілі Украінскай службе Бі-бі-сі, што пакуль у краіне няма гарантый бяспекі, ніякіх абвяшчэнняў пра выбары не будзе.
Уладзімір Зяленскі. Фота: УНІАН
Увечары гэта асабіста пацвердзіў і Уладзімір Зяленскі.
«Першы раз чую пра гэта. Раніцай прачытаў у FT, цяпер чую ад вас. Да выбараў мы прыйдзём тады, калі будуць гарантыі бяспекі. Я ўжо казаў: будзе спыненне агню — будуць выбары. Гэта пытанне бяспекі», — адзначыў прэзідэнт Украіны, адказваючы на пытанні журналістаў у чаце Офіса прэзідэнта.
Ён таксама падкрэсліў, што ніколі не стаў бы абвяшчаць выбары 24 лютага, бо гэта вельмі трагічная і сімвалічная дата для краіны: чатыры гады вайны і вялікія чалавечыя страты.
Паводле інфармацыі Financial Times, адміністрацыя Дональда Трампа нібыта заклікае Кіеў правесці выбары і рэферэндум да 15 мая, інакш Украіна можа страціць прапанаваныя ЗША гарантыі бяспекі. Выданне спасылаецца на ананімныя ўкраінскія і заходнія крыніцы.
У Крамлі таксама адрэагавалі на публікацыю. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пакуль рана рабіць высновы і варта арыентавацца на афіцыйныя заявы, а не на інфармацыю са спасылкай на неназваныя крыніцы.
Financial Times адзначае, што правядзенне выбараў стала б палітычным паваротам для Зяленскага, які раней заяўляў, што галасаванне немагчымае падчас ваеннага становішча, калі частка тэрыторыі акупаваная, а мільёны грамадзян вымушаныя пакінуць свае дамы.
Паводле СМІ, пытанне выбараў і мірных дамоўленасцяў залежыць ад шэрагу фактараў, у тым ліку ад магчымых перамоў з Расіяй. Сам Зяленскі раней падкрэсліваў, што Украіна не гатовая ісці на тэрытарыяльныя саступкі і «будзе стаяць там, дзе стаіць».
Чытайце таксама:
Украіна пачала планаваць правядзенне выбараў прэзідэнта. Яны могуць прайсці да 15 мая
Зяленскі: Новы раўнд перамоў аб завяршэнні вайны пройдзе на наступным тыдні
Зяленскі падпісаў закон аб прававым статусе іншаземцаў, якія служаць ва ўкраінскім войску