БЕЛ Ł РУС

На Магілёўшчыне будуць вырабляць чырвоную ікру, але не для таго, каб яе есці

7.02.2026 / 19:15

Nashaniva.com

У Магілёўскай вобласці на базе гаспадаркі «Лахва» хутка пачнуць унікальную для Беларусі вытворчасць таварнай чырвонай ікры. Аднак, па словах кіраўніка камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Варапаева, ікру будуць выкарыстоўваць не для ежы, а для развядзення стронгі, піша Office Life.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Новы комплекс ужо дабудаваны і ўводзіцца ў поўны вытворчы цыкл. Як адзначыў Варапаеў, «ікру лыжкамі есці не будуць», бо яе прызначэнне — прадукт для развядзення рыбы. Першую інфармацыю пра стварэнне падобнага комплексу ў Чэрыкаве абвясцілі яшчэ ў 2023 годзе.

Раней планавалі адкрыць фермы па развядзенні каштоўных відаў рыбы ў Хоцімскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах да канца 2025 года. Найбуйнейшы з комплексаў дазволіць атрымліваць да тысячы тон стронгі ў год і будзе ўнікальны тым, што рыбу плануюць вырошчваць з уласнага малька.

Праект рэалізуе УП «Рыбгас Палуж», «дачка» гаспадаркі «Лахва». На прамысловыя аб’ёмы фермы павінны выйсці да 2027 года, але першыя ўловы чакаюць ужо ў 2026-м. У ліпені мінулага года ўрад выдзеліў гаспадарцы «Лахва» субсідыю на пагашэнне працэнтаў па крэдытах.

Чытайце таксама:

Беларусь стала галоўным пастаўшчыком рыбы ў Расію

У Японіі заплацілі каля 3,2 мільёна даляраў за блакітнага тунца. Гэта рэкорд

Ікра, вугор і нарвежскі ласось. У Мінску адкрылася флагманская крама морапрадуктаў ФОТА

Каментары да артыкула