У Віцебску паказалі, як адбудуюць згарэлы год таму гандлёвы цэнтр «Беларусь» ФОТЫ
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў падчас сустрэчы з калектывам аднаго з прадпрыемстваў падзяліўся планамі рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Беларусь» у Віцебску. Гэты гандлёвы цэнтр настолькі моцна пацярпеў ад пажару ў снежні 2024 года, што проста рамантаваць яго прызналі немэтазгодным.
Замест старога будынка вырашылі стварыць цалкам новы гандлёва-забаўляльны цэнтр.
«Гэта будзе сучасны шматфункцыянальны будынак. Ключавая канцэпцыя — стварэнне дынамічнага, жыццяздольнага і сацыяльна значнага аб’екта, які будзе функцыянаваць у рэжыме 24/7. У шматфункцыянальным будынку размесцяць гандлёвыя і офісныя памяшканні, гатэль, кінатэатр, фудкорт, рэстаран, памяшканні сэрвіснага абслугоўвання і дзіцячы забаўляльны цэнтр», — заявіў Аляксей Героеў.
Вялікі пажар у ГЦ «Беларусь» у Віцебску здарыўся 13 снежня 2024 года. Тады загарэўся першы паверх будынка. У выніку эвакуявалі 215 чалавек, а для ліквідацыі пажару былі задзейнічаныя 21 адзінка тэхнікі і 90 супрацоўнікаў МНС. Агнём былі ахопленыя прыкладна 2000 квадратных метраў, а ліквідаваць яго ўдалося толькі каля 21:00 пасля больш чым чатырох гадзін працы.
У выніку здарэння пацярпелі 20 чалавек. Папярэдняе расследаванне выявіла шмат парушэнняў правіл пажарнай бяспекі. Былі знойдзены праблемы ў электрасетках, незаконныя перапланіроўкі крам і шэраг іншых недахопаў.
Чытайце таксама:
Гандлёвы цэнтр «Беларусь» у Віцебску адновяць і перабудуюць
З бальніцы выпісалі апошнюю пацярпелую ад пажару ў віцебскім ГЦ. Ёй давялося нанова вучыцца дыхаць
Назвалі папярэднюю прычыну пажару ў віцебскім ГЦ «Беларусь»
МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні