Грамадзяніна Літвы асудзілі ў Польшчы за жаданне супрацоўнічаць з беларускім КДБ
Грамадзянін Літвы Саўлюс В. быў асуджаны Акруговым судом у Беластоку 9 студзеня 2026 года да аднаго года пазбаўлення волі. Суд прызнаў яго вінаватым у няўдалай спробе прапанаваць сваю дапамогу замежнай разведцы з дзейнасцю, накіраванай супраць Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі — саюзніка Польшчы па НАТА. За такое злачынства польскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне ад шасці месяцаў да васьмі гадоў зняволення, паведамляе прэс-служба Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.
Будынак КДБ у Мінску. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Падставай для пачатку расследавання сталі матэрыялы, сабраныя супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ). З іх вынікала, што Саўлюс В., які выдаваў сябе за дзейнага афіцэра ЦРУ ЗША, у перыяд з канца лістапада 2024 года да сярэдзіны сакавіка 2025 года заяўляў пра гатоўнасць перадаваць інфармацыю Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, наносячы шкоду інтарэсам ЗША. Пры гэтым ён выкарыстоўваў сучасныя тэхналогіі, у тым ліку магчымасці штучнага інтэлекту.
14 сакавіка 2025 года мужчыну затрымалі супрацоўнікі АУБ, а суд па хадайніцтве пракурора змясціў яго пад варту. У выніковым прысудзе суд улічыў увесь перыяд фактычнага зняволення — з моманту затрымання да вынясення прысуду. Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу. Расследаванне вялося беластоцкім падраздзяленнем АУБ пад наглядам пракуратуры, якая займаецца справамі арганізаванай злачыннасці і карупцыі.
Чытайце таксама:
КДБ пачаў кар’еру Кардаш, падсунуўшы яе ў Мінску 55‑гадоваму гуру ўкраінскай журналістыкі