БЕЛ Ł РУС

Швецыя зніжае ўзрост крымінальнай адказнасці да 13 гадоў

27.01.2026 / 16:50

Ідаля Салавей

У спробе спыніць эпідэмію гвалту, якая ахапіла краіну, шведскія ўлады ідуць на радыкальныя меры. З 1 ліпеня ўзрост крымінальнай адказнасці там будзе зніжаны з 15 да 13 гадоў. Эксперты і праваахоўнікі папярэджваюць: новая палітыка можа толькі пагоршыць сітуацыю.

Паліцыя ля школы ў шведскім горадзе Эрэбру, дзе загінулі адзінаццаць чалавек, яшчэ пяць былі параненыя. 4 лютага 2025 года. Фота: Nils Petter Nilsson / Getty Images

Як піша Le Monde, Швецыя рыхтуецца да рэзкага паніжэння ўзросту крымінальнай адказнасці. 26 студзеня ўрад абвясціў пра намер з 1 ліпеня на пяць гадоў знізіць яе з 15 да 13 гадоў. Менавіта такіх дзяцей, якія дагэтуль лічыліся непадсуднымі, кіроўная кааліцыя прапануе ізаляваць ад грамадства.

Паводле новых планаў, 13‑гадовыя дзеці, асуджаныя за забойствы, выбухі або згвалтаванні з абцяжарваючымі абставінамі, могуць атрымаць ад аднаго да трох гадоў пазбаўлення волі. Для 14‑гадовых максімальны тэрмін складзе чатыры гады. Акрамя таго, урад хоча перагледзець сістэму скарачэння тэрмінаў пакаранняў для падлеткаў 15—17 гадоў і цалкам адмяніць яе для маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў.

У краіне ўжо вядзецца пераабсталяванне васьмі пенітэнцыярных устаноў. З 1 ліпеня яны змогуць прыняць каля сотні непаўналетніх ад 15 да 17 гадоў, асуджаных па крымінальных артыкулах. Раней такімі асобамі апекаваліся сацыяльныя службы, накіроўваючы іх у спецыялізаваныя закрытыя цэнтры.

Хоць турэмная адміністрацыя і рыхтуецца да працы з новымі групамі асуджаных, яна выступае супраць пазбаўлення волі для самых юных. У сваім заключэнні ведамства адзначае, што яно «не падрыхтаванае і не абсталяванае для працы з дзецьмі такога юнага ўзросту, як 14 гадоў, і тым больш з 13-гадовымі».

Паліцэйскае кіраўніцтва настроена гэтак жа скептычна і непакоіцца, што змены прывядуць да ўцягвання ў крымінальныя сеткі яшчэ маладзейшых асоб. Пракуратура прытрымліваецца аналагічнай думкі.

«Мы баімся (…), што дзеці 11 і 12 гадоў стануць выкарыстоўвацца ў якасці «гарматнага мяса» ў войнах банд замест 14-гадовых», — цытуе Le Monde пракурора Ленарта Гюнэ.

Амаль аднагалоснае непрыманне ініцыятывы з боку ўсіх профільных інстанцый нічога не змяніла, як і вострыя грамадскія дэбаты, што разгарэліся ў Швецыі. Падчас прэс-канферэнцыі міністр юстыцыі Гунар Стрoмер запэўніў, што «выдатна ўсведамляе» пазіцыю экспертаў. Пры гэтым ён звярнуў увагу на неабходнасць ацэнкі новаўвядзенняў «у святле канкрэтнай рэальнасці».

«Рызыкі будуць вышэйшымі, калі мы захаваем ранейшы падыход. (…) Гаворка ідзе пра абарону нацыі», — настойвае Стромер.

Як сведчыць статыстыка, апошнія тры гады колькасць узброеных нападаў, зафіксаваных праваахоўнікамі, скарачаецца. Тым не менш, у 2025 годзе 44 чалавекі загінулі ад куль і 46 атрымалі раненні. Гэтую злачыннасць у значнай ступені звязваюць з групоўкамі, якія вярбуюць непаўналетніх для транспарціроўкі зброі, забойстваў ці арганізацыі выбухаў.

Летась шведскія суды разгледзелі 158 спраў з удзелам 88 дзяцей, маладзейшых за 15 гадоў, чвэрць з якіх падазраваліся ў пазбаўленні жыцця.

Як адзначае выданне, нават сацыял-дэмакраты, якія цяпер у апазіцыі і разлічваюць вярнуцца да ўлады пасля парламенцкіх выбараў 13 верасня, прапанавалі ўвесці электронныя бранзалеты для малых ад 6 да 12 гадоў, якія знаходзяцца «на шляху да злачыннасці».

Правацэнтрысцкая кааліцыя таксама паслядоўна ўзмацняе жорсткасць юрыдычных норм. З пачатку года абвешчана пра павышэнне санкцый па пяцідзесяці артыкулах, падваенне тэрмінаў за арганізаваную дзейнасць і ўвядзенне бестэрміновага зняволення для небяспечных рэцыдывістаў.

Паводле справаздачы экспертнай групы пры Міністэрстве фінансаў, апублікаванай 22 студзеня, арганізаваная злачыннасць штогод генеруе даходы ў памеры не менш за 185 мільярдаў крон — гэта каля 17,4 мільярда еўра.

Менавіта на гэты аргумент урад абапіраецца, абгрунтоўваючы самы радыкальны за апошнія дзесяцігоддзі перагляд падыходу да адказнасці дзяцей у адной з краін, якая доўгі час лічылася ўзорам у сферы абароны іх правоў.

Чытайце таксама:

«Швецыя ніколі раней не бачыла нічога такога». Краіну захліснула хваля забойстваў, на дапамогу паліцыі ідзе армія

Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы

Бандыты ў Швецыі здабывалі сакрэтную інфармацыю ад паліцыі праз ложак

Каментары да артыкула