Кітайскія археолагі аднавілі пазалочаныя даспехі больш чым тысячагадовай даўніны
Кітайскія навукоўцы завяршылі рэканструкцыю рэдкага камплекта бронзавых даспехаў з пакрыццём з золата, які адносіцца да перыяду дынастыі Тан. Артэфакт узростам каля 1200 гадоў быў знойдзены ў пахаванні на тэрыторыі археалагічнага помніка Сюэвэй у правінцыі Цінхай, піша The Independent.
Фота: Кітайская акадэмія сацыяльных навук
Дынастыя Тан, якая кіравала ў Кітаі з 618 да 907 гады н.э., пакінула багатую культурную спадчыну. Вайсковае абмундзіраванне той эпохі вядома гісторыкам па фрэсках, пахавальных фігурках і літаратурных крыніцах, аднак матэрыяльных сведчанняў існавання «залатых даспехаў» да нядаўняга часу не захавалася — пра іх згадвалі толькі ў паэзіі.
Сітуацыя змянілася ў 2018 годзе, калі ў грабніцы знайшлі першыя фрагменты. Рэстаўратарам давялося вырашыць складаную задачу: захаваць і сабраць у цэлае моцна пашкоджаныя і няпоўныя элементы. Для гэтага прымянялі комплексную стратэгію, уключаючы паслойную чыстку і дакладную каталагізацыю кожнай пласціны. «Мы абралі стратэгію «разабраць цэлае на часткі і сабраць часткі ў цэлае», — патлумачыў рэстаўратар Го Чжэнчэнь.
Асноўную ролю ў праекце адыгралі сучасныя лічбавыя тэхналогіі: 3D-сканаванне, мікраскапія, віртуальная і дапоўненая рэальнасць дазволілі дакладна аднавіць даспехі.
Акрамя асноўнага камплекта, былі адноўленыя і іншыя прадметы з пахавання, уключаючы лакіраваныя даспехі з пазалотай для коней і вялікі бронзавы казан. Навукоўцы адзначаюць, што такія даследаванні наглядна дэманструюць важнасць лічбавых метадаў для захавання і інтэрпрэтацыі сусветнай гістарычнай спадчыны ў сучасную эпоху.
Чытайце таксама:
У Інданезіі знайшлі найстаражытнейшыя ў свеце ўзоры наскальнага жывапісу
У Беларусі раней раслі дубы-гіганты. Каб іх аднавіць, даследуюць ДНК
У Вялікабрытаніі археолагі знайшлі прамысловы цэнтр часоў Рымскай Імперыі