Найлепшыя беларускія трэкі за 2025 год? Вы будзеце ашаломленыя
Калі вы дагэтуль лічыце, што беларусы выпускаюць мала якаснай музыкі, то проста зацаніце плэйліст выключна з трэкаў за 2025 год, складзены медыя пра айчынную музыку «Клік».
Настасся Крупко, вакалістка групы Passive Voice, і Даня SAMOTA. Фота: @klacayu_po_fotiku
У топ галоўных твораў мінулага года каманда «Кліку» ўключыла 100 трэкаў, і выбраць іх з усёй разнастайнасці было няпроста.
Падборка атрымалася максімальна рознабаковай: тут і малады драйвовы рэп ад Лайтовага, і ўжо пасталеўшы яго калега Murovei, поп-рокавыя кобрынскія драмы пра каханне ад Passive Voice, класічная забіяцкая трасянка ад «Разбітага сэрца пацана» і дуэты з Palinа (песня «Артэфакт») і Бі-2 (трэк «Маё каханне») з апошняга ўдумлівага, меланхалічнага і вельмі ўтульнага альбома «Naviband».
У топе знайшлося месца як дасведчаным артыстам, так і навічкам. Хто прыйшоў паслухаць Shuma ці Макса Каржа, можа адкрыць для сябе самародка Яна Клапоцкага ці ўслухацца ў папулярных сёння музыкаў з бэнда «Сны сіняга сабакі» (фантастычныя кліпы ў іх).
Маўчым ужо пра спявачку і мастачку Настассю Рыдлеўскую ці 21‑гадовага Данілу SAMOTA з яго зумерскім, вельмі эмацыйным метал-корам. Яны сталі сапраўдным адкрыццём апошняга часу.
Некаторыя могуць задацца пытаннем: а навошта ў беларускі топ уключылі ЛСП ці IOWA, якія відавочна сёння працуюць найперш на расійскі рынак? Але тут ужо рашэнне кожнага — каго падтрымліваць праслухоўваннем, а каго — ігнараваць. Апускаючы вышэйзгаданы момант і абстрагуючыся ад палітычных пытанняў, нельга не заўважыць, што гэтыя музыкі выдаюць якасныя працы.
У прынцыпе, падобная прэтэнзія можа прыляцець і да згадкі пра сумесную творчасць Пазнякса і Мэйбі-Бэйбі «Жабінка-Гародня» (апошняя, у жыцці Вікторыя Лысюк, разам з прадстаўніком партыі ЛДПР адпраўляла, напрыклад, дапамогу для расійскіх вайскоўцаў на вайну супраць Украіны). Так ці інакш, рэаліі такія, што ў іх шмат слухачоў і гледачоў не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі.
Асобна хочацца звярнуць увагу на колькасць беларускамоўных трэкаў — іх сапраўды шмат. Музыка па-беларуску робіцца ў шматлікіх жанрах, таму кожны знойдзе нешта сваё: хуліганскія рэчытатывы ад Leibonik, поп-фолькавую Nevika, тэхна-каверы на «Песняроў» ад Police in Paris, містычных «Сіндром самазванца», авант-поп ад «Саюз», поп-рок ад Uladz ці рэп ад Лайтовага і Mandzik, а таксама балады ад Іллі Шынкарэнкі (так, ён не толькі папулярны тыктокер).
І яшчэ адна важная прыкмета часу, якая вымалёўваецца пры праслухоўванні гэтага топа — тут, акрамя традыцыйных моладзевых перажыванняў і праблем, з якімі людзі сутыкаюцца падчас сталення, шмат антываенных пасылаў — make love not war — і любові да радзімы. Прычым з розных бакоў ад заходняй мяжы — ці то ўнутрыбеларускія гурты, ці тыя, хто сёння ў вымушанай эміграцыі, але з сэрцамі, поўнымі настальгіі і фокуса на беларускі культурны код і кантэкст. Паміж бакамі няма спрэчак і падзелу, а сапраўдная творчая еднасць і салідарнасць, і гэта не можа не радаваць у наш крызісны палітычны час.
Чытайце таксама:
Топ артыстаў новай хвалі, якія робяць песні па-беларуску
Nevika спявае на беларускай мове, але часам яе песні збіраюць больш праслухоўванняў у Расіі
Пра беларускі гурт Soyuz больш ведаюць замежнікі, чым суайчыннікі