БЕЛ Ł РУС

З украінскіх ухілянтаў ад войска ў Беларусі выцягваюць разведвальную інфармацыю

14.01.2026 / 22:46

Nashaniva.com

Украінскіх мужчын прызыўнога ўзросту, якім удаецца нелегальна трапіць у Беларусь, падвяргаюць допытам людзі ў цывільным адзенні. Іх цікавяць звесткі пра перамяшчэнне ўкраінскай вайсковай тэхнікі, а таксама пра месцы трапляння расійскіх ракет і дронаў. Пра гэта даведаліся журналісты ўкраінскага выдання «Слідства.Інфо» і Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Фота ілюстрацыйнае

Мужчыны, якія ўжо здолелі ўцячы з Украіны, абменьваюцца досведам у тэлеграм-чатах з тымі, хто толькі плануе пераход. Яны сцвярджаюць, што допыты з’яўляюцца абавязковымі і, на іх думку, праводзяцца прадстаўнікамі спецслужбаў. Падчас такіх размоў іх фактычна просяць выдаваць пазіцыі і маршруты перасоўванняў украінскай арміі.

Суразмоўцы журналістаў расказваюць, што ў іх забіраюць дакументы і тэлефоны, а адмовіцца ад адказаў амаль немагчыма, бо ніякія правы ў Беларусі фактычна не дзейнічаюць. Людзей ставяць у сітуацыю поўнай безабароннасці перад сілавікамі.

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка адзначае, што рост колькасці ўцёкаў праз Беларусь звязаны з дзейнасцю арганізаваных злачынных груп. Паводле яго слоў, большасць мужчын карыстаецца паслугамі пасярэднікаў, якія арганізуюць нелегальны маршрут.

У арганізацыі былых сілавікоў «Байпол» лічаць, што паток ухілянтаў выгадны рэжыму Лукашэнкі. Гэтых людзей бяруць пад кантроль, атрымліваюць ад іх патрэбную інфармацыю, а пасля фактычна накіроўваюць у бок межаў Еўрапейскага Саюза. Асноўная мэта, як сцвярджаецца, — збор разведвальных звестак.

Журналіст Андрэй Салдатаў, галоўны рэдактар сайта Agentura.ru, не выключае, што сабраная інфармацыя можа перадавацца расійскаму кіраўніцтву і спецслужбам.

Паводле даных украінскіх памежнікаў, у 2025 годзе большасць украінскіх мужчын, якія спрабавалі ўцячы праз Беларусь, затрымліваліся ў Ровенскай і Жытомірскай абласцях, радзей — у Валынскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай.

Чытайце таксама:

СБУ раскрыла схему вывазу ўкраінскіх мабілізаваных у Беларусь

«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства

«Я ўмею забіваць. Тут мяне за гэта не асудзяць». Ва УСУ таксама служаць зняволеныя, якія прамянялі турму на поле бою

Каментары да артыкула