БЕЛ Ł РУС

Былая расійская настаўніца стала вярбоўшчыцай замежнікаў на вайну супраць Украіны

21.01.2026 / 07:00

Антось Жупран

Расследаванне BBC выкрыла маштабную схему вярбоўкі грамадзян з бедных краін у расійскае войска. Ім абяцалі працу, грошы і расійскі пашпарт, але замест гэтага яны апынуліся ў акопах пад абстрэламі. Паводле звестак журналістаў, толькі адна 40‑гадовая жанчына за апошні год аформіла амаль 500 «запрашэнняў» на ўезд у Расію для патэнцыйных рэкрутаў.

Паліна Азарных. Фота: тэлеграм-канал жанчыны / BBC

Як піша ВВС, расійскае ваеннае камандаванне сутыкнулася з беспрэцэдэнтнымі выклікамі ў спробах падтрымаць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў ва Украіне. Паводле звестак НАТА, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе больш за мільён расійскіх салдат былі забітыя або параненыя, прычым толькі ў снежні 2025 года страты склалі каля 25 тысяч чалавек. Каб кампенсаваць гэтыя гіганцкія лічбы, Масква пастаянна пашырае прызыў, вярбуе зняволеных і прапануе ўсё большыя бонусы за падпісанне кантрактаў.

Аднак традыцыйных рэсурсаў становіцца недастаткова, што прымусіла Крэмль шукаць гарматнае мяса за межамі краіны. Першапачаткова гэтым займаліся буйныя структуры накшталт ПВК «Вагнер», але цяпер сістэма перайшла да выкарыстання сетак дробных прыватных вярбоўшчыкаў, якія працуюць праз сацыяльныя сеткі.

Замежны рэсурс стаў істотнай часткай расійскай ваеннай машыны. Аналіз паказвае, што ў шэрагі Узброеных сіл Расіі маглі ўступіць як мінімум 20 тысяч замежнікаў, сярод якіх грамадзяне Кубы, Непала, Паўночнай Карэі і многіх арабскіх краін. Большасць з іх прыцягваюць абяцаннямі высокіх заробкаў і расійскага пашпарта, якія выглядаюць выратаваннем для жыхароў бедных рэгіёнаў свету.

Пры гэтым яны трапляюць у юрыдычную пастку: указ 2022 года дазваляе вайсковаму камандаванню аўтаматычна падаўжаць кантракты да канца вайны, незалежна ад першапачатковых дамоўленасцяў. Многія рэкруты даведваюцца пра гэта толькі тады, калі спрабуюць звольніцца пасля абяцанага года службы.

Настаўніца ў ролі вярбоўшчыцы

Ключавую ролю ў гэтай сістэме адыгрываюць такія постаці, як 40‑гадовая былая настаўніца Паліна Аляксандраўна Азарных, гісторыю якой расказвае BBC. Telegram-канал Азарных налічвае 21 000 падпісчыкаў. У сваіх допісах яна часта прапаноўвала тым, хто хоча ўступіць у расійскае войска, дасылаць ёй скан пашпарта. Затым яна публікавала запрашальныя дакументы, часам са спісам імёнаў мужчын, для якіх яны прызначаліся.

BBC ідэнтыфікавала больш за 490 такіх запрашэнняў, якія яна адправіла за апошні год грамадзянам такіх краін, як Емен, Сірыя, Егіпет, Марока, Ірак, Кот-д’Івуар і Нігерыя. У яе пастах згадвалася вярбоўка ў «элітны міжнародны батальён» і дакладна ўказвалася, што людзі, якія знаходзяцца ў Расіі нелегальна (у тым ліку тыя, чые візы скончыліся), маюць права на ўступленне ў яго.

Паліна Азарных з групай замежнікаў, якія атрымалі расійскія пашпарты. Фота: тэлеграм-канал Азарных / BBC 

BBC пагутарыла з васьмю замежнымі байцамі, якіх, паводле іх слоў, завербавала Азарных, а таксама з сем’ямі 12 загінулых або зніклых. Многія казалі, што разумелі: ідуць у войска, — але не чакалі, што іх адразу кінуць на перадавую. Некаторыя лічылі, што падрыхтоўка была недастатковай, або думалі, што пасля года службы змогуць вярнуцца дадому.

Гісторыя Амара

Адным з суразмоўцаў з’яўляецца Амар (імя зменена), 26‑гадовы будаўнік з Сірыі. Па словах маладога чалавека, яго першы кантакт з Азарных адбыўся ў сакавіку 2024 года, калі ён разам з яшчэ 14 сірыйцамі апынуўся ў маскоўскім аэрапорце амаль без грошай. Амар кажа, што вярбоўшчык у Сірыі прапанаваў мужчынам тое, што яны зразумелі як цывільную працу па ахове нафтавых аб’ектаў у Расіі. Яны прыляцелі ў Маскву толькі для таго, каб даведацца, што іх ашукалі.

Шукаючы варыянты ў інтэрнэце, адзін з групы знайшоў канал Азарных і напісаў ёй. Жанчына сустрэла іх у аэрапорце праз некалькі гадзін і адвезла цягніком у цэнтр вярбоўкі ў Бранску. Там, паводле слоў Амара, яна прапанаваў ім кантракты з расійскай арміяй на адзін год з месячным заробкам каля $2500 і аднаразовай выплатай пры падпісанні $5000.

Амар кажа, што кантракты былі на рускай мове, якую ніхто з мужчын не разумеў. Азарных забрала іх пашпарты, паабяцаўшы аформіць расійскае грамадзянства. Жанчына таксама паабяцала, што яны змогуць пазбегнуць удзелу ў баях, калі заплацяць ёй па $3000 з атрыманых пры падпісанні выплат.

Амар адмовіўся плаціць, і Азарных у адказ спаліла яго пашпарт. Праз месяц мужчына апынуўся на перадавой, маючы за плячыма ўсяго 10 дзён падрыхтоўкі і ніякага ваеннага вопыту. Праз амаль год ён даведаўся тое, што Азарных, паводле яго слоў, не патлумачыла, — указ 2022 года фактычна дазваляе падаўжаць кантракты салдат аўтаматычна да канца вайны.

Гісторыя Мухамеда

Яшчэ адзін выпадак — гэта гісторыя егіпцяніна Мухамеда. Як расказаў BBC яго малодшы брат Юсэф, Мухамед пачаў навучанне ва ўніверсітэце ў Екацярынбургу ў 2022 годзе. Але малады чалавек не мог аплачваць навучанне і паведаміў сям’і, што нейкая расіянка па імені Паліна, якая з ім скантактавалася ў інтэрнэце, прапанавала яму дапамогу — працу, звязаную з расійскімі ўзброенымі сіламі, якая, як ён лічыў, дазволіць яму працягнуць вучобу.

«Яна абяцала яму жыллё, грамадзянства і штомесячныя выплаты. Раптам яго адправілі ва Украіну. Ён апынуўся на вайне», — кажа Юсэф. Апошні раз брат тэлефанаваў 24 студзеня 2024-га. Прыклана праз год сям’я атрымала паведамленне ў Telegram з расійскага нумара з фотаздымкамі цела Мухамеда. Пазней яны даведаліся, што мужчына загінуў амаль год таму.

Нефармальная сетка вярбоўкі

Яшчэ адзін суразмоўца журналістаў — сірыец Хабіб, называе Азарных «адным з найважнейшых вярбоўшчыкаў» для расійскай арміі. Па яго словах, ён працаваў разам з расіянкай каля трох гадоў над візавымі запрашэннямі ў Расію.

Хабіб расказвае, што Азарных родам з Варонежскай вобласці. Некалькі гадоў яна кіравала групай у Facebook, якая дапамагала арабскім студэнтам прыязджаць у Маскву на вучобу. У 2024 годзе жанчына стварыла свой Telegram-канал па рэкрутацыі ў расійскае войска. Хабіб кажа, што большасць замежных рэкрутаў прыязджалі ў надзеі на працу па ахове аб’ектаў або службу на блокпастах. Хабіб сцвярджае, што Азарных магла атрымліваць па 300 долараў за кожнага завербаванага.

На гэтым фота Хабіб стаіць побач з Азарных. Студзень 2024 года. Фота: тэлеграм-канал Азарных / BBC

Як адзначаюць журналісты, з сярэдзіны 2024 года тон публікацый Азарных змяняецца: у яе пастах пачынаюць узнікаць фармулёўкі пра «ўдзел у баявых дзеяннях» і згадкі пра загінулых замежнікаў. У адным відэа (кастрычнік 2024-га) яна кажа:

«Вы ўсе добра разумелі, што ідзеце на вайну. Думалі, атрымаеце пашпарт і нічога не будзеце рабіць, жывучы ў пяцізоркавым гатэлі?… Нічога бясплатна не бывае».

Даследчыкі і журналісты, якія сочаць за тэмай, сцвярджаюць: Азарных — толькі частка шырэйшай сістэмы нефармальнага набору. BBC выявіла яшчэ два Telegram-акаўнты па-арабску з падобнымі прапановамі.

BBC неаднаразова спрабавала звязацца з Азарных, аднак атрымаць каментар ад яе не атрымалася. Тым часам Амару і Хабібу цудам атрымалася вярнуцца ў Сірыю — аднаму праз хабар камандзірам, другому пасля атрымання расійскага грамадзянства. Але для сотняў іншых замежнікаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад уплывам абяцанняў у Telegram, шлях у Расію застаецца дарогай у адзін канец.

Чытайце таксама:

Як Расія вярбуе кубінцаў для баявых дзеянняў ва Украіне

Расія вярбуе на вайну супраць Украіны еменскіх хусітаў

Расія вярбуе ў сваё войска маладых афрыканцаў — Bloomberg

Расійскі рэгіён вярбуе беларусаў на вайну праз сацсеткі — наладзілі таргетаваную рэкламу

Каментары да артыкула