«Мы цалкам разумеем, якая там дзяржава». Літоўскія перавозчыкі не збіраюцца падаваць пазовы ў беларускія суды праз затрыманыя фуры
Асацыяцыя перавозчыкаў «Лінава» пасля кансультацый з юрыстамі разглядае магчымасць адмовіцца ад ідэі падаваць судовы пазоў да ўрада Літвы з патрабаваннем кампенсацыі страт. Пра гэта паведаміў прэзідэнт арганізацыі Эрландас Мікенас. Паводле яго слоў, замест судовага шляху асацыяцыя схіляецца да пачатку непасрэднага дыялогу з уладамі пры ўдзеле адвакатаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Эрландас Мікенас адзначыў, што пасля размоў з сямю адвакацкімі канторамі пазіцыя «Лінавы» змянілася: галоўнай мэтай цяпер з’яўляюцца не пазовы, а пошук агульнага рашэння разам з урадам. Мікенас выказаў спадзяванне, што ў выніку пераможа здаровы сэнс і бакі змогуць выйсці з крызіснай сітуацыі шляхам дамоўленасцяў.
Раней на гэтым тыдні кіраўнік асацыяцыі заяўляў, што больш за сто транспартных кампаній былі гатовыя далучыцца да калектыўнага пазову, бо на мяжы з Беларуссю працягвалі затрымлівацца грузавікі. Аднак цяпер «Лінава» больш схіляецца да супольнай працы з урадам.
Паводле Мікенаса, мэта перавозчыкаў — падштурхнуць улады да рэальных дзеянняў, бо дагэтуль, на яго думку, адбываецца толькі ўзаемнае перакіданне адказнасці і абвінавачанні. Замест гэтага бізнэс чакае канструктыўнага дыялогу і пошуку рашэнняў, якія дазволілі б перавозчыкам падтрымаць урад.
Пры гэтым кіраўнік «Лінавы» зноў адхіліў прапановы палітыкаў падаваць пазовы супраць Беларусі. Ён падкрэсліў, што крызіс узнік у выніку палітычных пастаноў, таму менавіта літоўская ўлада павінна першай узяць на сябе ініцыятыву па яго вырашэнні. Мікенас адзначыў, што судзіцца ў Беларусі фактычна немагчыма з-за тамтэйшага стану прававой сістэмы.
«Беларусі пазоваў мы не выстаўляем. Мы ўзаемадзейнічаем з пэўнымі беларускімі інстытуцыямі на ўзроўні асацыяцый і цалкам разумеем, якая там дзяржава, які прававы «беспредел». Здаецца, што магчымасцяў для судовых разглядаў там у нас проста няма», — запэўніў прадстаўнік літоўскіх перавозчыкаў.
Таксама ён раскрытыкаваў спосаб камунікацыі літоўскага ўрада з перавозчыкамі, заявіўшы, што абмеркаванне праблем праз СМІ, а не за сталом перамоў, выглядае абсурдна і можа нашкодзіць інтарэсам Літвы. Паводле яго слоў, беларускія ўлады бачаць і чуюць усе публічныя заявы, што можа быць выкарыстана супраць саміх перавозчыкаў і краіны ў цэлым.
Акрамя таго, Мікенас адзначыў, што перавозчыкі не атрымліваюць прамой інфармацыі пра тое, якія крокі ўрад робіць для вяртання грузавікоў з Беларусі. З-за гэтага ствараецца ўражанне, што ніякіх рэальных дзеянняў не вядзецца, а праблемы галіны ігнаруюцца.
Крызіс на беларуска-літоўскай мяжы ўзнік пасля таго, як Беларусь некалькі месяцаў выкарыстоўвала кантрабандныя паветраныя шары для парушэння паветранай прасторы Літвы. У адказ літоўскі ўрад у канцы кастрычніка мінулага года закрыў пункты пропуску ў Медніках і Салечніках. Пасля гэтага рэжым Лукашэнкі забараніў літоўскім грузавікам рухацца па тэрыторыі краіны, у выніку чаго многія машыны былі вымушаны стаяць на спецыяльных пляцоўках за плату. Сітуацыя не вырашылася і пасля таго, як літоўскі ўрад адкрыў мяжу, не чакаючы заканчэння ад пачатку прызначанага месячнага тэрміну.
Чытайце таксама:
Немалая частка літоўскіх грузавікоў, што былі ў Беларусі, вярнулася да працы
Міністр юстыцыі Літвы: Калі Беларусь канфіскуе грузавікі, Вільні давядзецца прыняць меры ў адказ
Літва гатовая накіраваць у Беларусь пасла па асаблівых даручэннях