БЕЛ Ł РУС

Трамп вырашыў захопліваць расійскія танкеры, бо Пуцін яго «стаміў»

10.01.2026 / 16:56

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ухваліў рашэнне аб захопе танкераў так званага расійскага ценявога флоту, а таксама падтрымаў прасоўванне законапраекта пра «разгромныя санкцыі», таму што ўсё больш расчароўваўся ва Уладзіміры Пуціну і пачаў лічыць яго галоўнай перашкодай для спынення вайны ва Украіне. Пра гэта піша выданне The Telegraph са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: Jae C. Hong / AP

Як адзначаюць суразмоўцы выдання, такія дзеянні Белага дома з’яўляюцца сігналам Маскве, што часу на пошук мірнага вырашэння застаецца ўсё менш.

У атачэнні Трампа лічаць, што Пуцін свядома зацягвае перамовы. Адна з крыніц, блізкіх да найбліжэйшага кола прэзідэнта ЗША, ахарактарызавала ягоны падыход як «бізун і пернік», дадаўшы, што «пернік фактычна ўжо скончыўся». Іншы суразмоўца падкрэсліў, што расійская тактыка «два крокі наперад — адзін назад» становіцца для Трампа ўсё больш стамляльнай.

The Telegraph нагадвае, што раней Трамп нярэдка выказваўся пра Пуціна ў пазітыўным ключы і часткова ўскладаў адказнасць за зацягванне канфлікту на Украіну. Аднак, паводле слоў дзейных і былых амерыканскіх чыноўнікаў, пазіцыя яго адміністрацыі паступова збліжаецца з падыходам еўрапейскіх саюзнікаў, якія перакананыя, што Масква свядома цягне час і не імкнецца да рэальнага міру.

Былы прадстаўнік адміністрацыі ЗША адзначыў, што Вашынгтон усё часцей сутыкаецца з сітуацыяй, калі Расія дэманструе гатоўнасць да дамоўленасці, але пры абмеркаванні канкрэтных пунктаў альбо ўзмацняе сваю пазіцыю, альбо часова выходзіць з перамоў. Пры гэтым, паводле яго слоў, Украіна выглядае больш схільнай да кампрамісаў.

Выданне таксама згадвае, што ранейшыя заявы Трампа пра веру ў шчырасць мірных намераў Пуціна выклікалі занепакоенасць у еўрапейскіх партнёраў Кіева. У Еўропе звярталі ўвагу, што пасля цёплых кантактаў паміж Трампам і Пуціным часта адбываліся ракетныя і дронавыя ўдары па цывільнай інфраструктуры Украіны. Адзін з брытанскіх чыноўнікаў заявіў, што на гэтым фоне «менталітэт» адміністрацыі Трампа цяпер бліжэйшы да еўрапейскага погляду на вайну, чым калі-небудзь раней, бо «пастаянная жорсткасць Пуціна, яго цынічныя паводзіны і гульні не застаюцца незаўважанымі».

9 студзеня Берагавая ахова ЗША захапіла ў Атлантычным акіяне танкер Olina (раней — Mivera M), які знаходзіўся пад санкцыямі за перавозку расійскай нафты. Гэта ўжо пяты за апошні час танкер, на які высадзіліся амерыканскія сілы. Раней былі затрыманыя судны Bella 1, звязанае з расійскім «ценявым флотам», і M Sophia. Паводле звестак The New York Times, ЗША цяпер пераследуюць у агульным ліку 16 танкераў. Некаторыя з іх, напрыклад Veronica (перайменаваны ў Galileo), тэрмінова змяняюць назвы і рэгіструюцца пад расійскім сцягам, каб пазбегнуць затрымання.

Акрамя таго, Дональд Трамп даў зялёнае святло новаму законапраекту пра «знішчальныя санкцыі», ініцыяванаму сенатарам-рэспубліканцам Ліндсі Грэмам. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне мыт на 500% на імпарт з краін, якія набываюць расійскія энерганосьбіты і сыравіну.

Чытайце таксама:

Трамп зарэпосціў артыкул «Пустаслоўе Пуціна пра «ўдар» па ім паказвае, што менавіта Расія стаіць на перашкодзе міру»

«Надакучылі сустрэчы дзеля сустрэч». Трамп расчараваўся і ў Пуціне, і ў Зяленскім

Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены

У экіпажы затрыманага танкера расійскага ценявога флоту — 17 украінцаў

Сенатар Грэм назваў краіну, якую неўзабаве можа напаткаць лёс Венесуэлы

Каментары да артыкула