БЕЛ Ł РУС

Трамп збіраецца павялічыць вайсковыя выдаткі ЗША да рэкорднага ўзроўню з 1950-х

8.01.2026 / 20:20

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў у сацсетцы Truth Social пра намер рэкордна павялічыць вайсковы бюджэт краіны, каб стварыць войска мары і гарантаваць бяспеку ад усіх ворагаў.

Дональд Трамп. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images

На 2027 год плануецца павялічыць бюджэт Пентагона да $1,5 трыльёна, што больш як 1,5 раза перавышае цяперашнія вайсковыя выдаткі на $901 мільярд. Са слоў Трампа, дадатковыя сродкі будуць забяспечаныя за кошт мытаў на імпарт з краін, якія раней «эксплуатавалі Амерыку».

Апошні раз ЗША павялічвалі вайсковы бюджэт больш чым на 50% у 1951 годзе падчас вайны ў Карэі. Нават за Рональдам Рэйганам у 1980‑х гадах рост выдаткаў быў значна меншы — 20—25%.

Дадатковыя грошы пойдуць на фінансаванне абаронных праграм Трампа, уключаючы сістэму супрацьракетнай абароны «Залаты купал» ($175 мільярдаў) і праект мадэрнізацыі ВМС «Залаты флот», які прадугледжвае пабудову 25 новых вайсковых караблёў з лазерамі, гіпергукавымі ракетамі і магчымасцю нясення ядзернай зброі.

Рэалізацыя плана, праўда, патрабуе ўхвалення Кангрэса, дзе рэспубліканцы цяпер маюць толькі невялікую большасць, а восенню маюць адбыцца выбары. Хоць многія з кангрэсменаў гатовыя падтрымліваць саму ідэю, маштаб новых выдаткаў выклікае ў іх сумневы.

Цяпер ЗША выдаткоўваюць на абарону 3,5% ВУП, а трэба не менш за 4%. Паводле аналізу незалежнага цэнтру «Камітэт за адказны федэральны бюджэт», планы Трампа могуць патрабаваць $5 трыльёнаў да 2035 года, і пры гэтым мыты не кампенсуюць усіх выдаткаў — у гэтым фінансавым годзе яны прынеслі толькі $288 мільярдаў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка пра выкраданне Мадура: Гэта саступка Трампа вайскоўцам за Афганістан

Рубіа заявіў, што ЗША збіраюцца купіць Грэнландыю, а не забіраць яе сілай

Трамп патрабуе ад Венесуэлы выгнаць Расію, Кітай, Іран і Кубу

Трамп: Мы павінны абавязкова перамагчы на выбарах у Кангрэс, інакш пагражае імпічмент

Каментары да артыкула