БЕЛ Ł РУС

Мінкультуры расказала, чым збіраецца займацца наступную пяцігодку

6.01.2026 / 22:43

Nashaniva.com

Міністэрства культуры расказала пра асноўныя напрамкі дзяржаўнай праграмы «Культурная прастора» на 2026—2030 гады, якую 31 снежня 2025 года зацвердзіў урад. Галоўнай мэтай праграмы дэкларуецца захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў, піша БелТА.

Руіны замка Сапегаў у Ружанах. Фота з сацыяльных сетак

Праграма складаецца з дзвюх падпраграм: «Культурная спадчына» і «Мастацтва і творчасць».

Першая з іх накіраваная на павышэнне даступнасці і якасці паслуг у сферы культуры — у музеях, бібліятэках, парках культуры і адпачынку, заапарках і іншых установах. Таксама плануецца далейшае адраджэнне народных рамёстваў, развіццё культур нацыянальных меншасцяў і беларусаў за мяжой, а таксама стварэнне нацыянальнага лічбавага кантэнту ў галіне культуры.

Падпраграма «Мастацтва і творчасць» прадугледжвае падтрымку прафесійнага мастацтва, развіццё кінематаграфіі і міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. 

Асобная ўвага надаецца рамонтна-рэстаўрацыйным работам на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны па ўсёй краіне. У прыватнасці, у 2027 годзе плануецца завяршыць рэстаўрацыю комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. У 2026—2029 гадах працягнуцца працы ў палацавым комплексе ў Ружанах, у 2029 годзе — рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, а ў 2030 годзе — рэканструкцыя і кансервацыя Навагрудскага замка.

Мінкультуры таксама падкрэсліла важнасць укаранення сучасных тэхналогій. Праграма прадугледжвае лічбавізацыю музейных і бібліятэчных фондаў, стварэнне віртуальных экскурсій, аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм, а таксама алічбоўку кінафонду і аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Акрамя таго, плануецца актыўнае развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, пашырэнне дамоўнай базы і ўмацаванне іміджу Беларусі як краіны з багатай традыцыйнай і сучаснай культурай, інтэграванай у сусветную культурную прастору.

Чытайце таксама:

У Мінску зносяць будынкі каля Валадаркі

На могілках пад Ваўкавыскам ціха згніла старажытная драўляная царква

У Ружанах археолагі знайшлі фрагменты падмурка будынка часоў Льва Сапегі

У Ляхавічах пахваліліся копіяй гістарычнага замка, якая мусіць прыцягнуць турыстаў — чатыры будкі больш нагадваюць прыбіральні

Экскурсавода з Ружанскага замка адправілі за краты — падобна, за Гаюн

Улады хочуць зрабіць Навагрудак горадам-музеем

Каментары да артыкула