Рамзан Кадыраў прызначыў 20‑гадовага сына віцэ-прэм'ерам Чачні
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў паведаміў, што прызначыў свайго 20‑гадовага сына Ахмата выканаўцам абавязкаў віцэ-прэм’ер-міністра рэспублікі. Пры гэтым Ахмат застанецца на пасадзе міністра па фізічнай культуры і спорце Чачні.
Ахмат і Рамзан Кадыравы
Кадыраў падкрэсліў, што ягоны сын валодае значным кіраўнічым досведам, высокімі прафесійнымі якасцямі, сістэмным падыходам да працы і вялікай адказнасцю. Па яго словах, ён добра разбіраецца ў сваёй сферы і ўжо зрабіў важкі ўнёсак у развіццё рэспублікі.
Дзеці і іншыя сваякі Рамзана Кадырава рэгулярна атрымліваюць высокія пасады і рэгіянальныя ўзнагароды. Так, яго дачку Хадзіжат у 24 гады прызначылі першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі кіраўніка і ўрада Чачні. Ахмат Кадыраў ужо ў 18 гадоў стаў намеснікам міністра спорту, міністрам па справах моладзі і прэзідэнтам футбольнага клуба «Ахмат».
Іншы сын, Адам Кадыраў, у 16 гадоў узначаліў службу бяспекі свайго бацькі, стаў куратарам батальёна імя шэйха Мансура, а пазней — куратарам Расійскага ўніверсітэта спецназа імя Уладзіміра Пуціна ў Гудэрмесе. Таксама ён займаецца зборам сродкаў на гуманітарную дапамогу жыхарам сектара Газа.
Рамзан Кадыраў не стаў удакладняць, ці звязанае прызначэнне ягонага сына з уласным станам здароўя. У снежні ён выглядаў вельмі аслабленым падчас «прамой лініі», а напярэдадні Новага года СМІ паведамлялі пра яго шпіталізацыю ў Маскве.
Чытайце таксама:
Рамзан Кадыраў тыдзень не з'яўляецца на публіцы. Кажуць, што яго тэрмінова шпіталізавалі ў Маскве
Клан Кадыравых ва ўладзе дасягнуў амаль 100 чалавек
Кадыраў заявіў, што ў яго 17‑гадовага сына Адама няма незаслужаных узнагарод
«Мы недаацэньваем маштаб асобы Кадырава. Тое, што нам здавалася немагчымым, магчыма»