БЕЛ Ł РУС

Севярынец расказаў пра першую сустрэчу з сям'ёй пасля вызвалення

1.01.2026 / 16:23

Вінцэсь Клепачэня

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец расказаў, як выхоўваў сына з няволі, і апісаў сваю сустрэчу з ім у Вільні.

Фота: фэйсбук Севярынца

Калі Павел Севярынец трапіў за краты, ягонаму сыну Францішку было два гады. Са слоў Паўла, у зняволенні ён меў магчымасць назіраць за тым, як расце Францішак, дзякуючы здымкам, што дасылала яго жонка Вольга.

Сам Павел рэгулярна пісаў лісты не толькі жонцы, але і сыну:

«Бацькава роля павінна быць у тым, каб накіроўваць маладых людзей. З самага пачатку трымаць у беларускасці, у веры. Ён вернік, ён беларускамоўны», —

адзначыў палітык і згадаў, як змяніў свой падыход да перапіскі з сынам:

«Я пісаў лісты Волечцы часцей, а яму радзей. І вось адзін момант, калі Волечка атрымлівае мой ліст, а для яго ліста няма, у яго з’яўляюцца слёзы, ён пачынае плакаць і казаць: «Мама, ну як гэта так? Вось табе ліст прыйшоў ад таты, а мне не прыйшоў». І Волечка мне наступным лістам піша: «Слухай, напэўна, трэба штосьці рабіць, таму што сын вельмі перажывае»».

Пасля гэтага Павел стаў дасылаць сыну ўласныя малюнкі. Пераважна гэта былі храмы. Пазней Францішак пачаў дасылаць свае малюнкі бацьку ў адказ:

«Францішак пасля таго, як пачаў атрымліваць лісты, пераймае тату — ён пачаў сам маляваць храмы, ён пачаў таксама маляваць горад, караблі, самалёты. (…) На жаль, лісты ўсе пазабіралі».

Згадваючы сваю першую сустрэчу з сям’ёй пасля пяці гадоў разлукі, Севярынец расказвае:

«Першая сустрэча была на аўтавакзале ў Вільні. Я не зразумеў, куды прыбываюць аўтобусы — яшчэ не арыентаваўся. Прыбег з ахапкам кветак, і калі сябры ўжо там пачалі махаць, што «тут, тут Волечка», да мяне Францішак пабег проста вось стрымгалоў. Гэта была такая карціна… Ён ведаў, да каго бегчы, і некалькі хвілін літаральна проста мяне абдымаў. Такое не забываецца, канешне.

Павел Севярынец уз'яднаўся з сям'ёй. Фота: тэлеграм-канал Севярынца

Я адчуваў, як б’ецца ягонае сэрца. Слёзы навярнуліся на вочы. Тут жа падыходзіць Волечка. Усё, мы абняліся. Зараз, калі мы абдымаемся з Воляй, Францішак падыходзіць і далучаецца да нас, абавязкова абдымае нас удваіх».

Павел думаў, што паміж сынам і ім можа быць нейкае адчужэнне. Усё ж яны не бачыліся пяць з паловай гадоў, да таго ж хлопчык быў на момант расстання яшчэ вельмі малы.

«Але нічога гэтага не было. Гэта проста родны чалавек, з якім можна паразмаўляць літаральна пра ўсё. Вось зараз мы з ім гуляем у пакоі, дзе я цяпер жыву, як быццам бы мы ведалі адзін аднаго 100 гадоў. Гэта файна», — дзеліцца Павел.

Чытайце таксама:

Павел Севярынец сустрэўся з жонкай і сынам пасля 5 гадоў за кратамі

Вольга Севярынец выпусціла каляндар з малюнкамі зняволенага мужа

Вольга Севярынец: Цяжка глядзець на сына, калі той пытаецца: «Чаму тата так доўга не вяртаецца да нас?»

Каментары да артыкула