БЕЛ Ł РУС

Пытанне адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй так дагэтуль і не вырашана

30.12.2025 / 19:21

Nashaniva.com

Пытанне поўнай адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй да гэтага часу застаецца нявырашаным. Пра гэта ў інтэрв'ю паведаміў дзяржаўны сакратар «Саюзнай дзяржавы» Сяргей Глазьеў.

Здымак ілюстрацыйны. Крыніца: «Наша Ніва»

Па словах Сяргея Глазьева, задача аказалася больш складанай, чым меркавалася спачатку, таму бакі пайшлі не шляхам фармальнай адмены роўмінгу, а шляхам пашырэння льготных тарыфных пакетаў.

Як адзначыў Глазьеў, цяпер аб’ёмы паслуг і тэрміны дзеяння такіх пакетаў павялічаныя, каб людзі, асабліва тыя, хто знаходзіцца ў суседняй краіне кароткі час, практычна не адчувалі перасячэння мяжы і маглі карыстацца звыклымі тарыфамі. Хоць юрыдычна роўмінг і не скасаваны, базавыя паслугі сувязі для большасці абанентаў працуюць на звычайных умовах.

Разам з тым застаецца нявырашаным шэраг тэхнічных пытанняў, у тым ліку доступ да інтэрнэту і выкарыстанне асобных дадатковых паслуг. Асаблівыя цяжкасці выклікае працэдура ідэнтыфікацыі карыстальнікаў. Плануецца інтэграцыя з расійскім парталам «Дзяржпаслугі», каб грамадзяне Беларусі маглі праходзіць ідэнтыфікацыю дыстанцыйна, знаходзячыся на тэрыторыі сваёй краіны. Акрамя таго, беларусам спрасцілі такую працэдуру ў буйных гарадах Расіі, перш за ўсё ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Праблему ўскладняе і так званы рэжым астуджэння, калі пры ўездзе ў Расію на суткі адключаецца мабільны інтэрнэт. Бакі дамовіліся, што грамадзяне Беларусі змогуць праходзіць ідэнтыфікацыю такім жа простым спосабам, як і расіяне, непасрэдна праз тэлефон.

Хоць адмену роўмінгу паміж дзвюма краінамі абяцаюць ужо некалькі гадоў і раней заяўлялася, што ўсе пытанні будуць вырашаныя да канца года, канчатковага рашэння гэтай праблемы, як выглядае, пакуль так і няма.

Чытайце таксама:

Беларус сеў у самалёт і адключыў роўмінг — спісалася 177 рублёў

Для беларусаў у роўмінгу ў Расіі хутка скасуюць «перыяд астуджэння»

«Адменім роўмінг, казалі яны. У выніку адмянілі інтэрнэт». Беларусы расказалі, што ў Расіі не працуе роўмінг ні А1, ні МТС

Дзяўчына дамаглася, каб мабільны аператар зменшыў ёй рахунак за паслугі ў 10 разоў

Каментары да артыкула