БЕЛ Ł РУС

У ганконгскага грыпу з'явілася новая разнавіднасць

30.12.2025 / 19:10

Nashaniva.com

Урачы ў Беларусі ставяцца з асаблівай насцярожанасцю да цяперашняга сезона грыпу. Пра гэта паведаміў доктар-інфекцыяніст Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мікіта Салавей.

Здымак ілюстрацыйны: «Наша Ніва»

Па словах Мікіты Салаўя, цяпер шырока распаўсюджваецца субклад К віруса грыпу А (H3N2), вядомы як «ганконгскі грып». Гэта не зусім новы вірус, а змененая версія ўжо вядомага грыпу, які выклікае сезонныя ўспышкі штогод.

Доктар тлумачыць, што вірус грыпу пастаянна муціруе, і калі назапашваецца шмат змен, з’яўляецца асобны варыянт. У субклада К выяўлена каля дзесяці мутацый у бялку, які распазнаецца імуннай сістэмай.

H3N2 і раней часта прыводзіў да больш цяжкага працякання хваробы, а сёлета ў некаторых краінах сезон грыпу пачаўся раней, чым звычайна. Асабліва цяжка пераносяць захворванне дзеці, людзі з хранічнымі хваробамі і пажылыя, што выклікае занепакоенасць медыкаў.

Разам з тым доктар падкрэслівае, што вакцынацыя застаецца эфектыўнай. У склад вакцын уваходзіць кампанент H3N2, і нават пры зменах віруса прышчэпка зніжае рызыку цяжкага працякання хваробы і развіцця ўскладненняў.

Калі чалавек захварэў, Мікіта Салавей раіць не пераносіць грып «на нагах» і заставацца дома пры з’яўленні сімптомаў. Важна выконваць рэспіраторную гігіену — праветрываць памяшканні, насіць маску ў грамадскіх месцах, прыкрываць рот пры кашлі і чханні, а таксама часта мыць рукі.

Акрамя таго, варта абмежаваць фізічныя нагрузкі, піць дастаткова вадкасці цягам дня, а пры высокай тэмпературы (звыш 38—38,5°C) прымаць жарапаніжальныя сродкі. Людзям з груп рызыкі асабліва важна своечасова звяртацца да доктара.

Чытайце таксама:

Тэлефонныя махляры пачынаюць званіць ад імя паліклінік, палохаючы эпідэміяй грыпу

Як адрозніць грып ад прастуды і што за «ганконгскі» вірус?

У Беларусі назіраецца рост захворванняў на грып і ВРІ

Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам

Чым кавід адрозніваецца ад прастуды, калі бегчы да доктара, а калі можна лячыцца дома — топ парад ад тэрапеўта на перыяд прастуд

Каментары да артыкула