Eўрапейскія лідары правялі кансультацыі па выніках сустрэчы Трампа і Зяленскага
Еўрапейскія лідары пасля чарговага этапу перамоў, прысвечаных вайне ва Украіне, заявілі, што з’явіліся прыкметы руху да міру і асцярожныя падставы для надзеі.
Еўрапейскія лідары падчас сустрэчы ў Берліне 15 снежня. Фота: AP Photo/Markus Schreiber, Pool
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц паведаміў, што адбыліся новыя кансультацыі з удзелам еўрапейскіх краін і Канады. Паводле яго слоў, мірны працэс паступова прасоўваецца, аднак цяпер ад усіх бакоў, у тым ліку ад Расіі, патрэбныя адкрытасць і шчырасць.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск таксама адзначыў станоўчыя сігналы. Ён выказаў меркаванне, што вайна можа завяршыцца хутчэй, чым чакалася. Пры гэтым Туск падкрэсліў, што гаворка ідзе толькі пра надзею, а не пра гарантаваны вынік, і заклікаў не паддавацца празмернаму аптымізму.
Еўрапейскія лідары правялі кансультацыі пасля сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася 28 снежня ў Фларыдзе і была прысвечана мірнаму ўрэгуляванню канфлікту. Пасля перамоў стала вядома, што не ўсе пытанні, у прыватнасці сітуацыя вакол Данбаса, удалося цалкам узгадніць. У той жа час ЗША заявілі пра пэўныя саступкі з боку Масквы адносна Запарожскай АЭС. Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, пытанне гарантый бяспекі для Украіны амаль цалкам узгоднена, а мірны план гатовы прыкладна на 90% працэнтаў.
Таксама Трамп абвясціў пра намер стварыць спецыяльную групу з высокапастаўленых прадстаўнікоў ЗША, якая будзе весці перамовы з Расіяй. Зяленскі паведаміў, што канчатковае ўзгадненне абмеркаваных у ЗША пытанняў чакаецца ўжо на наступным тыдні, а ў студзені плануецца візіт украінскай і еўрапейскай дэлегацый у Вашынгтон.
Пасля сустрэчы ў Фларыдзе Зяленскі і Трамп абмеркавалі яе вынікі з еўрапейскімі лідарамі. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што падчас гэтых кантактаў быў дасягнуты добры прагрэс.
Чытайце таксама:
Зяленскі пра мірныя перамовы: Украіна не можа проста адмовіцца ад сваіх тэрыторый
Пуцін паскардзіўся Трампу на «спробу» Украіны атакаваць сваю рэзідэнцыю
Трамп «пазітыўна» пагаварыў з Пуціным
Зяленскі: Украіна хоча атрымаць ад ЗША гарантыі бяспекі на 30—50 гадоў, Трамп абяцаў падумаць