Зяленскі: «Арэшнік» у Беларусі нясе глабальную пагрозу
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыняў з дакладам кіраўніка Службы знешняй разведкі Украіны Алега Івашчанку. Падчас гэтай размовы было сярод іншага абмеркавана пытанне нібыта размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх ракетных комплексаў «Арэшнік».
Уладзімір Зяленскі і Алег Івашчанка. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны
«Разведка атрымала больш падрабязную інфармацыю пра гэта, і важна, каб партнёры таксама ведалі і ўлічвалі гэта ў сваіх абаронных кроках. Мы лічым, што агрэсіўнае распаўсюджванне такой зброі нясе глабальную пагрозу і стварае небяспечны прэцэдэнт. Даручыў рыхтаваць сумесна з партнёрамі варыянты адказаў», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Перад гэтым 18 снежня, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ракетны комплекс «Арэшнік» прыбыў у Беларусь за дзень да таго і ўжо ставіцца на баявое дзяжурства. Паводле яго слоў, першыя пазіцыі ўжо абсталяваныя гэтым комплексам. 24 снежня Лукашэнка заслухаў даклад міністра абароны Віктара Хрэніна, у якім сярод іншага таксама ішла гаворка пра пастаноўку «Арэшніка» на баявое дзяжурства.
Акрамя праблемы «Арэшнікаў», Зяленскі і Івашчанка абмеркавалі спробы Расіі абысці міжнародныя санкцыі ў энергетычнай сферы. Для гэтага выкарыстоўваюцца часовыя «ўладальнікі», фіктыўныя кампаніі і складаныя юрыдычныя схемы. Украінская разведка адсочвае такія дзеянні і мае намер інфармаваць партнёраў, каб санкцыйны ціск заставаўся эфектыўным і не дазваляў Расіі атрымліваць даходы падчас вайны праз махінацыі.
Таксама было закранута пытанне стану расійскай вайсковай вытворчасці і яе супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі. У прыватнасці, зафіксавана ўзмацненне кантактаў Расіі з асобнымі структурамі ў Кітаі, якія могуць перадаваць даныя касмічнай разведкі. Адзначаецца, што ў некаторых выпадках назіралася супадзенне паміж здымкамі тэрыторыі Украіны кітайскімі спадарожнікамі і расійскімі ўдарамі па энергетычных аб’ектах. Такую дзейнасць ва Украіне разглядаюць як фактар, які дапамагае Расіі зацягваць вайну і зніжае сур’ёзнасць дыпламатычных намаганняў. Пра гэтыя факты таксама плануецца весці размову з партнёрамі.
Чытайце таксама:
З учарашняга дня ў Беларусі нібыта знаходзіцца «Арэшнік»
Лукашэнка выказаўся пра размяшчэнне «Арэшніка»
Зяленскі: Украіна ведае, дзе ў Беларусі будзе размешчаны «Арэшнік», і перадае даныя партнёрам
Лукашэнка не прэтэндуе на больш чым дзясятак «Арэшнікаў»
Хрэнін расказаў Лукашэнку пра заступленне на баявое дзяжурства «Арэшніка»