БЕЛ Ł РУС

Апублікавалі новую партыю матэрыялаў па справе Эпштэйна. Там зноў згадваецца Трамп

23.12.2025 / 17:17

Nashaniva.com

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала ўжо восьмую партыю матэрыялаў па справе фінансіста Джэфры Эпштэйна. Гэтым разам гаворка ідзе пра самы вялікі аб’ём дакументаў за ўвесь час: каля 10 гігабайтаў даных, якія ўключаюць тысячы файлаў — відэа, аўдыязапісы, фотаздымкі, следчыя матэрыялы, табліцы з доказамі і газетныя выразкі. Сярод іх амаль 400 відэазапісаў, піша Бі-бі-сі.

Джэфры Эпштэйн і Гіслейн Максвел. Фота: US Department of Justice

У адным з апублікаваных электронных лістоў сцвярджаецца, што Дональд Трамп лётаў на прыватным самалёце Эпштэйна значна часцей, чым лічылася раней. Ліст датаваны 7 студзеня 2020 года і ўваходзіць у перапіску, прысвечаную пералётам Эпштэйна. Аўтары ліста не названыя, але ўнізе стаіць подпіс памочніка федэральнага пракурора Паўднёвай акругі Нью-Ёрка з зацёртым іменем.

Згодна з гэтым дакументам, Трамп быў пазначаны як пасажыр мінімум васьмі рэйсаў у перыяд з 1993 па 1996 год. На частцы з іх таксама прысутнічала сяброўка Эпштэйна Гіслейн Максвел. У лісце згадваецца, што Трамп лётаў разам з Марлай Мэйплз, дачкой Тыфані і сынам Эрыкам.

На адным з рэйсаў у 1993 годзе ў спісе пасажыраў значыліся толькі Трамп і Эпштэйн, а на іншым — яшчэ адзін малады чалавек, імя якога зацёртае. Таксама згадваюцца два рэйсы, на якіх прысутнічалі жанчыны, што маглі быць сведкамі па справе Максвел.

У новым наборы дакументаў ёсць некалькі фатаграфій былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. Фота: US Department of Justice

Публікацыя дакументаў адбываецца ў межах «Закона аб празрыстасці файлаў Эпштэйна», прынятага ў лістападзе. Ён абавязваў Мінюст цягам 30 дзён апублікаваць усе матэрыялы справы ў зручным для пошуку фармаце, прыбраўшы звесткі, якія могуць раскрыць асобы пацярпелых. Аднак з-за вялікага аб’ёму інфармацыі ведамства заявіла, што будзе рабіць гэта паступова.

Міністэрства юстыцыі ЗША крытыкуюць як заканадаўцы, так і ахвяры Эпштэйна: многія старонкі аказаліся цалкам зафарбаваныя чорным, і, на іх думку, апублікаваная толькі нязначная частка наяўных матэрыялаў. Сітуацыя ўскладніла палітычнае становішча Дональда Трампа: некалькі кангрэсменаў, у тым ліку з Рэспубліканскай партыі, пагражаюць судовымі пазовамі з-за недастатковай празрыстасці публікацый.

Сярод абнародаваных дакументаў — старонкі з цалкам зарэтушаваным зместам. Мінюст сцвярджае, што выдаляе любую інфармацыю, якая тычыцца ахвяр Эпштэйна. Фота: US Department of Justice

Сам Трамп упершыню пракаментаваў «дасье Эпштэйна», назваўшы дыскусіі вакол яго спробай адцягнуць увагу ад дасягненняў сваёй партыі. Ён прызнаў, што быў знаёмы з Эпштэйнам і што існуюць фотаздымкі з іх сумеснай прысутнасцю, але настойвае, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Раней Трамп заяўляў, што іх сяброўства скончылася яшчэ ў пачатку 2000-х, задоўга да першага арышту Эпштэйна.

Фінансіста Джэфры Эпштэйна абвінавачвалі ў гандлі людзьмі з мэтай іх сэксуалізаванай эксплуатацыі. Паводле версіі следства, бізнэсмен атрымліваў сэксуальныя паслугі ад непаўналетніх дзяўчат і «пазычаў» іх уплывовым людзям.

У 2008 годзе ён прызнаў віну па справе аб падбухторванні да прастытуцыі, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, і быў асуджаны да 18 месяцаў зняволення, якія адседзеў не цалкам. У 2011 годзе Эпштэйн выйшаў на волю, адбыўшы 13 месяцаў у турме.

7 ліпеня 2019 годзе яго зноў арыштавалі, а праз месяц, 10 жніўня, бізнэсмен здзейсніў самагубства ў турэмнай камеры ў Нью-Ёрку. Яму пагражала да 45 гадоў зняволення, і супраць фінансіста гатовыя былі сведчыць дзясяткі сведкаў і пацярпелых.

Дональд Трамп і Джэфры Эпштэйн сябравалі на працягу многіх гадоў, але ў сярэдзіне 2000-х, як казаў Трамп, пасварыліся.

Раней сяброўства з Эпштэйнам і ўдзел у яго сэкс-вечарынках каштавалі тытула прынца брату караля Вялікабрытаніі Карла III Эндру.

Чытайце таксама:

Біл Клінтан, Майкл Джэксан і Мік Джагер. Каго можна знайсці ў новых дакументах са справы Джэфры Эпштэйна

Апублікавалі новыя фота з архіва Джэфры Эпштэйна. На іх ёсць і Трамп

Трамп падпісаў закон аб публікацыі «файлаў Эпштэйна»

Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за раскрыццё «файлаў Эпштэйна». Сенат прыняў гэтую пастанову без абмеркавання

Трамп, Пуцін, гомасэксуальныя кантакты і іншыя брудныя намёкі — у ЗША апублікавалі 20 тысяч файлаў Эпштэйна

Каментары да артыкула