БЕЛ Ł РУС

У Пружанах мужчыну затрымалі за галюцынагенныя грыбы, назбіраныя ў лесе

19.12.2025 / 22:24

Nashaniva.com

Як паведамілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама, 35‑гадовага мужчыну затрымалі супрацоўнікі наркакантролю Бярозаўскага РАУС падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Яго падазраюць у захоўванні забароненых рэчываў.

Фота: t.me/krepostfortuvd

Следства ўстанавіла, што мужчына ў спецыялізаваных чатах прачытаў пра галюцынагенныя грыбы і даведаўся, як яны выглядаюць. З набытымі ведамі ён накіраваўся ў лес, дзе знайшоў грыбы, што адпавядалі апісанню. Пасля гэтага ён высушыў іх і захоўваў дома ў шкляным слоіку.

Падчас агляду жылля сілавікі знайшлі і канфіскавалі больш за 16 грамаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў расліннага паходжання — псілацыну і псілацыбіну, якія ўтрымліваюцца ў грыбах.

Затрыманы патлумачыў, што збіраўся выкарыстоўваць іх для асабістых патрэб.

У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу. Паводле заканадаўства, яму можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

У міліцыі нагадалі, што ў Беларусі не існуе легальных наркотыкаў: усе такія рэчывы забароненыя, а любыя дзеянні з імі цягнуць за сабой крымінальную адказнасць.

Чытайце таксама:

У Гомелі мужчына парэзаў сабе шыю на прыпынку, сам не ведаючы навошта

У Кіраўску брат забіў сястру, хочучы абараніць яе ад мужчын са сваіх галюцынацый

У Барысаве на клумбе высадзілі атрутны дурнап'ян ФОТАФАКТ

Што трэба ведаць пра грыбы і іх уласцівасці перад тым, як ісці з кошыкам у лес

Каментары да артыкула