З даведкамі замест пашпартоў выслалі за мяжу каля 20 вызваленых палітвязняў
13 снежня з месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі былі вызваленыя 123 палітвязні, 114 з якіх пасля гэтага прымусова перамясцілі на тэрыторыю Украіны. Як стала вядома «Вясне», без пашпартоў за мяжу вывезлі каля 20 чалавек.
Даведка, з якой быў прымусова вывезены за мяжу праваабаронца Уладзь Лабковіч. Фота: «Вясна»
Сярод тых, у каго забралі пашпарты — вядомыя і медыйныя асобы, а таксама ўнесеныя ў «спіс тэрарыстаў». З беларускага боку гэта ніяк не тлумачылася. Замест пашпартоў палітвязням выдалі даведкі, якія пацвярджаюць асобу.
На гэта на першай прэс-канферэнцыі звяртаў увагу праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч:
«Адбылася пэўная селекцыя. Чым думалі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, якія арганізоўвалі гэтую спецаперацыю, я не ведаю».
Такім чынам, у выніку людзі апынуліся ў іншай краіне без дакументаў, грошай і асабістых рэчаў, у стане прававой нявызначанасці.
Гэта, аднак, ужо не першы раз, калі лукашысты такое практыкуюць. Падчас папярэдняга масавага вызвалення палітвязняў 11 верасня 2025 года частка з іх таксама апынулася па-за межамі Беларусі без пашпартоў, хоць нават у беларускім МУС казалі, што паводле закону гэта немагчыма.
Чытайце таксама:
МУС Беларусі: Ніякіх даведак для выезду за мяжу без пашпарта ў нас не існуе
Офіс Ціханоўскай пракаментаваў дэпартацыю часткі палітвязняў без пашпартоў