Дом рамесніка ў Паставах прадалі на аўкцыёне значна даражэй за першапачатковую цану
17 снежня на электроннай пляцоўцы Беларускай універсальнай біржы адбыліся таргі, падчас якіх колішні Дом рамесніка набыў новага ўладальніка, заўважыла «Радыё Свабода».
Фота: et.butb.by
У аўкцыёне ўдзельнічалі тры патэнцыйныя купцы, і ў выніку будынак прадалі за 51 830 рублёў, што больш як удвая перавышае стартавую цану — крыху больш за 21 тысячу рублёў.
Імя таго, хто набыў аб'ект, не называецца.
Гістарычны будынак, узведзены ў другой палове XVIII стагоддзя, выкананы ў стылі барока. Ён мае двухсхільны дах, а галоўны фасад упрыгожвае фігурны шчыт з мансардным акном. Праект распрацаваў італьянскі архітэктар Джузэпе Сака, які ў свой час працаваў пры двары караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і ўдзельнічаў у фармаванні цэнтральнай плошчы Пастаў.
Паводле ўмоў продажу, новы ўладальнік абавязаны на працягу месяца падпісаць ахоўнае абавязацельства. Раней будынак знаходзіўся ва ўласнасці прадпрыемства «Белсаюздрук». Сам дом пераходзіць у прыватную ўласнасць, а зямля пад ім — каля трох сотак — будзе перададзеная ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.
Будынак можна будзе прыстасаваць пад жыллё або выкарыстаць для розных сацыяльных, камерцыйных ці турыстычных мэтаў — напрыклад, адкрыць краму, гатэль, медыцынскі або спартыўны цэнтр.
Удзел у таргах маглі браць як простыя грамадзяне Беларусі і іншых краін, так і юрыдычныя асобы любой формы ўласнасці.
Гэта была другая спроба прадаць Дом рамесніка: папярэдні аўкцыён у лістападзе не адбыўся праз адсутнасць патэнцыйных купцоў, хоць тады стартавая цана была ўдвая вышэйшая.
Будынак размешчаны ў гістарычным цэнтры Пастаў, на месцы былога рынку. Хоць значная частка старога архітэктурнага ансамбля была знішчаная ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, некалькі будынкаў захаваліся і ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Чытайце таксама:
З калонамі, ляпнінай і сцэнай. У Мінску прадаюць былы Палац культуры
У Мастоўскім раёне шматдзетная маці набыла пад жыллё закінуты дзіцячы лагер
Дзіцячы лагер пад Мінскам купілі за мільён даляраў, але ўжо праз пару месяцаў вярнулі назад