Ці маюць права ў краме не прадаць цукеркі з алкаголем непаўналетнім?
Днямі з’явілася інфармацыя, што падлеткі ў Расіі пачалі актыўна купляць беларускія шакаладныя цукеркі ў выглядзе «чарак» і «бутэлечак» з лікёрам або каньяком унутры, і гэта стала праблемай. У сувязі з гэтым у выдання aif.by узнікла пытанне: а ці могуць у краме ўвогуле адмовіць непаўналетняму ў продажы такіх ласункаў?
Фота ілюстрацыйнае
Як патлумачыў адвакат Міхаіл Гарбачоў з Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў, заканадаўства Беларусі не абмяжоўвае продаж кандытарскіх вырабаў з алкагольнай начынкай.
Таму забараніць падлеткам купляць такія цукеркі крама не можа. Абмежаванні дзейнічаюць толькі для рэальнай алкагольнай прадукцыі, а не для шакаладу.
Пры гэтым спецыялісты нагадваюць: нават невялікая колькасць «дарослай» начынкі можа кепска паўплываць на дзіця — выклікаць атручэнне, млоснасць або ваніты, бо алкаголь негатыўна ўздзейнічае на нервовую сістэму непаўналетніх.
Кандытарская фабрыка «Камунарка» таксама адрэагавала на сітуацыю. У прадпрыемстве адзначылі, што цукеркі «шакаладныя бутэлечкі з каньяком» і «з лікёрам» вырабляюцца паводле рэцэптуры, узгодненай з Міністэрствам аховы здароўя, а кантроль за тым, што ядуць дзеці, — гэта зона адказнасці бацькоў.
Чытайце таксама:
«Камунарка» пракаментавалі закіды, што расійскія школьнікі п'янеюць ад яе цукерак
Беларускія цукеркі з алкаголем сталі праблемай у Расіі