У канцы XVIII стагоддзя грэка-каталіцтва ў Беларусі спрабавала плаўна перацячы ў лацінства
У часы царавання Паўла І (1796-1801) назіраўся цікавы працэс: самавольны пераход грэка-каталіцкіх святароў разам з парафіямі на лацінскі абрад, піша ў фэйсбуку гісторык Дзяніс Лісейчыкаў.
Манастыр базыльян у Лагойскім замку. Малюнак Марцэлія Янушэвіча (з фондаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта). Сярэдзіна XIX стагоддзя
Рабілася гэта неафіцыйна, і ўніяцкае кіраўніцтва было вымушана шукаць такіх «лацінізатаў» і пазбаўляць іх парафій. Невядома, наколькі дбайна праводзіліся пошукі, бо некаторыя цэрквы з парафіямі так і засталіся касцёламі (Акалова, Завішына, Хатаевічы і іншыя).
Упершыню мне трапіўся ўніяцкі святар-«лацінізат», што называецца, з адкрытым тварам.
Святар Спаскай царквы ў Лагойску Марцін Рэцкі 23 сакавіка 1798 года сумленна напісаў, што ён цяпер рымска-каталіцкі ксёндз, а яго парафіяне цяпер рыма-каталікі.
Негледзячы на адкрытасць дзеянняў айца і на фармальную забарону такіх пераходаў, уся Спаская парафія Лагойска да канца красавіка 1799 года (больш за год) па факце была рымска-каталіцкай.
Пасля ўсё ж айца-рэвалюцыянера ад парафіі адхілілі, усіх вярнулі ў грэцкі абрад, а да царквы прызначылі новага, не такога радыкальнага святара.
З айцом Марцінам нічога кепскага не стала. Некаторы час яго патрымалі бязмесцавым, а ў 1815 годзе прызначылі святаром да грэка-каталіцкай царквы ў вёсцы Клінок Ігуменскага павета.
Самае цікавае, што ў самавольнага лагойскага ксяндза была жонка і сямёра дзяцей.
Чытайце таксама:
«Дзве Казы» ці нешта іншае? 300 гадоў таму ў Навагрудку была вуліца з інтрыгоўнай назвай