The New York Times падала ў суд на стартап, заснаваны беларусам
Газета The New York Times падала ў суд Нью-Ёрка на стартап Perplexity, заснаваны беларускім прадпрымальнікам Дзянісам Ярцам. Медыякампанія скардзіцца, што сэрвіс выкарыстоўвае матэрыялы газеты — у некаторых выпадках нават цэлыя артыкулы, — для адказаў карыстальнікам без дазволу і аплаты, піша Office Life.
Фота ілюстрацыйнае
Акрамя таго, кампанія лічыць, што Perplexity шкодзіць рэпутацыі брэнда, бо часам выдумляе інфармацыю і памылкова атрыбутуе яе як пададзеную газетай.
Прадстаўніца Perplexity Джэсі Дуаер у адказ на гэта адзначыла, што судовыя пазовы супраць тэхнакампаній адбываюцца стагоддзямі — ад радыё і тэлебачання да інтэрнэту і сацсетак, а цяпер гэта тычыцца і штучнага інтэлекту. Раней падобныя пазовы былі супраць Reddit, BBC, Forbes і Wired за выкарыстанне кантэнту без дазволу. Але ўсе гэтыя спробы, падкрэсліла Дуаер, не мелі поспеху, «інакш мы б усе гаварылі пра гэта праз тэлеграф».
Днямі, дарэчы, стала вядома, што знакаміты партугальскі футбаліст Крышціяну Раналду акурат інвеставаў у Perplexity AI, які выкарыстоўвае штучны інтэлект для пошуку інфармацыі.
Стартап Perplexity заснаваў беларус Дзяніс Ярац з двума партнёрамі ў ЗША, дзе жыве ўжо больш за 10 гадоў. У канцы 2024 года праект прызналі адным з самых дарагіх маладых стартапаў. У ліпені 2025‑га яго ацанілі ў $18 мільярдаў, а ўжо ў верасні ацэнка вырасла да $20 мільярдаў.
У ліпені быў прадстаўлены дэсктопны варыянт браўзера з ШІ Comet для Windows і macOS. А нядаўна Perplexity выпусціў версію ШІ-браўзера для прылад на Android. Цяпер кампанія рыхтуе версію браўзера і для iOS, якая павінна выйсці «ў найбліжэйшыя тыдні».
Чытайце таксама:
Крышціяну Раналду інвеставаў у заснаваны беларусам стартап
У штучнага інтэлекту гніюць мазгі ад смеццевага кантэнту з інтэрнэту. Зрэшты, у людзей таксама
Створаны беларусам стартап панізіў акцыі Duolingo
Заснаваны беларусам стартап збіраецца купіць Google Chrome за $34,5 млрд
Заснаваны беларусам стартап запартнёрыўся з сацсеткай Трампа