Спявачка Доліна заявіла, што ўсё ж верне паўтара мільёна даляраў пакупніцы сваёй кватэры
Расійская спявачка Ларыса Доліна заявіла, што верне 112 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 1,45 мільёна даляраў) Паліне Лур’е — пакупніцы яе кватэры, якую артыстка прадала пад уздзеяннем махляроў, а пасля паводле рашэння суда атрымала назад. Пра гэта яна сказала ў праграме «Пусть говорят» на Першым канале.
Ларыса Доліна. Фота: «РИА-Новости»
Ларыса Доліна адзначыла, што пакуль не мае ўсёй патрэбнай сумы, але абяцае знайсці спосаб вярнуць грошы цалкам. Паводле яе слоў, у гэтай гісторыі пацярпелі і яна, і Лур’е: спявачку падманулі тэлефонныя махляры, а пакупніца так і не атрымала жыллё.
Раней адвакатка Лур’е Святлана Свірыдзенка расказвала, што Доліна нібыта прапаноўвала заключыць міравую дамову і вярнуць грошы часткамі, але яе кліентка адмовілася.
Вясной 2024 года махляры, выдаючы сябе за супрацоўнікаў спецслужбаў, пераканалі Доліну, што яе банкаўскія рахункі ў небяспецы, і прымусілі прадаць кватэру, нібыта каб пагасіць «крэдыт», аформлены злачынцамі. Спявачка прадала кватэру за 112 мільёнаў рублёў і перадала грошы кур’ерцы, якая таксама стала ахвярай падману.
Усяго ад дзейнасці банды пацярпелі некалькі чалавек, а агульная сума шкоды перавысіла 300 мільёнаў рублёў (каля 3,9 мільёна даляраў). Некалькіх фігурантаў справы асудзілі на тэрміны ад чатырох да сямі гадоў.
У сакавіку 2025 года суд у Маскве прыняў рашэнне вярнуць Долінай кватэру. Лур’е спрабавала гэта абскардзіць, але суд падтрымаў спявачку як пацярпелую ад махляроў.
Пасля гэтага грамадскасць, блогеры і палітыкі пачалі рэзка крытыкаваць Доліну і настойваць, каб яна вярнула кватэру Лур’е. На фоне скандалу частка слухачоў пачала здаваць квіткі на яе канцэрты, а некаторыя выступленні скасавалі.
Чытайце таксама:
У Мінску адбыўся суд, аналагічны выпадку з кватэрай Долінай. Як ён скончыўся?
Як выглядае знакамітая кватэра Долінай, праз якую спявачку зненавідзелі ў Расіі
Гераіня таблоідаў апошняга часу Ларыса Доліна знялася ў навагоднім шоу на БТ
«Мы пад уплывам яе прадавалі». «Бела-Кола» ўварвалася ў скандал з кватэрай Долінай
У Расіі з-за «эфекту Долінай» 3000 сем'яў засталіся без жылля. Ці варта баяцца беларусам?