БЕЛ Ł РУС

Ватыкан аддаў карэнным народам Канады іх каштоўнасці са сваіх музеяў

5.12.2025 / 19:9

Nashaniva.com

Ватыкан вярнуў Канадзе больш за 60 каштоўных музейных прадметаў, датычных да культуры мясцовых карэнных народаў. Сярод іх — унікальны інувіалуіцкі каяк, выраблены з плаўніка і абцягнуты цюленевай скурай, паведамляе CBC News.

Гэты каяк і іншыя рэліквіі захоўваліся ў ватыканскіх музеях каля ста гадоў. Цяперашняя рэстытуцыя — адно з найбуйнейшых вяртанняў культурнай спадчыны карэнных народаў Канады з еўрапейскіх калекцый.

На перададзеным каяку дагэтуль бачныя сляды выкарыстання, у тым ліку тлустыя плямы. Для інувіалуітаў такія чоўны мелі вялікае значэнне: яны былі лёгкія, хуткія і вырабляліся індывідуальна пад кожнага паляўнічага. Адначасова на ваду маглі выходзіць сотні такіх каякаў.

Вернутыя артэфакты ўжо вывезлі з Ватыкана: спачатку аўтатранспартам у Франкфурт-на-Майне, а потым самалётам адправяць у Канаду. Іх суправаджаюць прадстаўнікі карэнных народаў. Спачатку ўсе прадметы трапяць у Канадскі музей гісторыі, дзе іх агледзяць спецыялісты і старэйшыны супольнасцяў.

Каяк, праўда, пакуль не вернецца ў інувіалуіцкі рэгіён — там няма належных умоваў для яго захавання. Мясцовая грамада інувіалуітаў спадзяецца, што старэйшыны змогуць вывучыць традыцыйныя тэхнікі яго вырабу. Майстар Дарэл Насагалуак адзначае, што з нецярпеннем чакае моманту, калі зноў убачыць гэты човен, які быў вывезены сто гадоў таму.

Працэс вяртання пачаўся ў 2022 годзе з ініцыятывы Інувіалуіцкага рэгіянальнага корпуса. Спачатку гаворка ішла толькі пра каяк, але Ватыкан прапанаваў вярнуць яшчэ каля 60 прадметаў інуітаў і іншых карэнных народаў, а таксама адзін артэфакт метысаў.

Гэтыя культурныя аб’екты трапілі ў Ватыкан у 1923—1925 гадах, калі місіянеры прыслалі іх на вялікую выставу ў Рыме. Потым яны сталі часткай калекцыі этналагічнага музея Anima Mundi.

Цяпер складана дакладна сказаць, былі гэтыя прадметы тады падараваныя прадстаўнікамі карэнных народаў ці забраныя ў іх сілком. Двейн Сміт, кіраўнік Інувіалуіцкага рэгіянальнага корпусу, сумняваецца, што каяк мог быць падарункам, бо для паляўнічага гэта быў асноўны інструмент выжывання.

Чытайце таксама:

Генерал-губернатарам Канады ўпершыню ў гісторыі стала прадстаўніца інуітаў

Францыя вяртае Мадагаскару чэрап мясцовага караля, якому адсеклі галаву 128 гадоў таму

Экс-супрацоўнік Акадэміі навук наехаў на ініцыятыву Maldzis: Непрафесіяналы дыскрэдытуюць сапраўдных навукоўцаў. Мацукевіч адказаў

Каментары да артыкула