У Вілейцы «страцілі» валун, які лічыўся помнікам прыроды рэспубліканскага значэння
Міністэрства прыродных рэсурсаў пастановай № 62 ад 27 лістапада 2025 года спыніла функцыянаванне помніка прыроды валун «Любецкі» з кароткай і загадкавай фармулёўкай «у сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб'екта», піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Фота: t.me/spadczyna
Гэта шэры парфірападобны граніт памерам 2х1,7 м і вышынёй 1,35 м. Ён меў адшліфаваную паверхню і характэрныя ямкі, што магло сведчыць пра яго культавае выкарыстанне ў даўнейшыя часы.
Фота: t.me/spadczyna
Валун знайшлі ў 1997 годзе даследчыкі Валерый Вінакураў і Аляксандр Зайцаў каля вёскі Любкі. Пазней камень перавезлі ў Вілейку і паставілі на вуліцы Валынца, каля мэблевай фабрыкі. У 2000 годзе ён стаў помнікам прыроды, а ў 2007‑м атрымаў рэспубліканскі статус. А вось шыльда гістарыка-культурнай каштоўнасці, відаць, фальшывая, у апошніх версіях Дзяржаўнага спісу такога аб'екта не было.
Галоўнае пытанне: як можна незаўважна «страціць» велізарны камень вагой некалькі тон, які ляжыць у горадзе з вялікай шыльдай гісторыка-культурнай каштоўнасці на пярэднім баку?
Пад загадкавай фармулёўкай «у сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб'екта» могуць мець на ўвазе або крадзеж (валуны часта становяцца ахвярамі гаспадароў катэджаў, якія вывозяць іх для афармлення сваіх участкаў — такія выпадкі ўжо былі), або фізічнае знішчэнне — камень маглі банальна разбіць або закапаць падчас чарговага «ўпарадкавання» тэрыторыі перад фабрыкай.
Чытайце таксама:
На выратаванне вядомага касцёла дзяржава так і не знайшла грошай і звярнулася да грамадзян