Расійскі генерал: Ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас
У эфіры расійскіх медыя прагучала нечаканае прызнанне правалу так званай «спецаперацыі». Былы камандуючы Сухапутнымі войскамі Расіі заявіў пра непадрыхтаванасць арміі да рэальных баявых дзеянняў.
Генерал-палкоўнік Узброеных сіл Расіі Уладзімір Чыркін у 2012‑-2013 гадах камандаваў Сухапутнымі войскамі Расіі. Скрын відэа: РБК / rutube
«Каб быць сумленным, (…) на мой погляд, Расія чарговы раз не была гатовая да вайны, як гэта было і ў мінулыя гады, і ў мінулыя стагоддзі. Больш за тое, традыцыйна адбылася недаацэнка праціўніка і пераацэнка сваіх войскаў», — заявіў у эфіры канала «РБК» генерал Уладзімір Чыркін.
Па словах военачальніка, Крэмль распачаў уварванне без належнай падрыхтоўкі і знаходзячыся пад уплывам катастрафічна памылковых разведданых:
«Калі вы памятаеце, 22 лютага пачалі казаць, што вайна скончыцца праз трое сутак. «Зараз мы іх зробім». Дзесьці спрацоўваў «тбіліскі сіндром» і падзеі пяцідзённай вайны з Грузіяй. Але … так не атрымалася.
Я б паставіў нездавальняючую адзнаку ўсёй нашай разведсупольнасці Расіі. Па сутнасці, кіраўніцтву краіны была выказана, я б сказаў, ілжывая інфармацыя: што 70% насельніцтва Украіны за нас, а 30% — супраць. Аказалася роўна наадварот: 30% за нас, а 70% супраць».
У выніку, як нагадаў Чыркін, «літаральна за першыя тыдні мы атрымалі сур'ёзны жорсткі ўрок», маючы на ўвазе поўны разгром расійскіх войскаў пад Кіевам і вымушанае адступленне з поўначы Украіны.
«І былы міністр абароны (Шайгу — НН) пастараўся выйсці прыгожа з гэтай сітуацыі, называючы тое, што адбываецца, жэстам добрай волі», —
працягнуў генерал і дадаў:
«Колькі там мы пакінулі загінулых, параненых і пакалечаных, гэта ведаюць у нашай арміі. І, я думаю, гісторыя яшчэ да канца не асветленая».
Акрамя таго, вайсковец раскрытыкаваў тэхнічную адсталасць расійскай арміі, якая не зрабіла высноў з сучасных канфліктаў.
«Два гады раней скончылася вайна паміж Азербайджанам і Арменіяй (27 верасня — 10 лістапада 2020 года — рэд.). І ў гэтай вайне ўжо выразна прасочвалася прымяненне беспілотных лятальных апаратаў. Чамусьці кіраўніцтва нашай краіны і ўзброеных сіл не ўжылі гэтую тактыку выкарыстання беспілотнікаў нават на пачатковым этапе вайны. (…)
Мы пачыналі гэтую вайну, калі ў нас не было сродкаў контрбатарэйнай барацьбы нават. Па нас страляла артылерыя праціўніка, а мы да яе дастаць не маглі. (…)
Цяпер баявыя дзеянні вышэй тактычнага ўзроўню не падымаюцца. (…)
Калі ўжо мы тут сумленна гаворым, велізарная праблема даўно існуе — у нас няма нармальнай сувязі. Няма нармальнага кіравання войскамі і зброяй», — шчыра прызнаўся пазней у размове генерал.
Разважаючы пра перспектывы, Чыркін скептычна ацаніў магчымасць хуткага завяршэння канфлікту на ўмовах Крамля. Але пры гэтым ён трымаецца хлуслівых афіцыйных наратываў.
«Сёння пра перамогу, вядома, можна казаць, але я думаю, што ў найбліжэйшы час гэтага не здарыцца. Перамога павінна скончыцца выкананнем мэтаў, якія паставіў прэзідэнт. Калі мы хочам выканаць гэтыя мэты, цалкам …, каб у нас не было пад бокам «антырасіі», мы павінны туды дайсці, да межаў з Польшчай, Румыніяй і гэтак далей».
Чытайце таксама:
Пуцін прыдумаў экзатычную версію, чаму ў 2022 годзе прыняў рашэнне адступіць ад Кіева
Расійскія войскі пачалі выкарыстоўваць новую зброю — «спячыя дроны»
Зяленскі заявіў, што УСУ амаль цалкам зачысцілі Купянск ад расіян