Лукашэнка пасля Алжыра зноў паляцеў у краіну, дзе яго доўга не маглі знайсці
Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што ён завяршыў свой візіт у Алжыр. Але далейшы маршрут нечаканы: аказваецца, ён не будзе пакуль вяртацца ў Беларусь, а зноў бярэ курс на Аман, дзе ўжо правёў некалькі дзён перад Алжырам.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP
Паводле паведамлення тэлеграм-канала «Пул Первого», у Лукашэнкі ў Амане «працягваецца працоўная праграма».
«У найбліжэйшыя дні запланаваны шэраг непублічных сустрэч для абмеркавання ў практычнай плоскасці важнейшых праектаў з комплексу двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Амана», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Гэта анансуецца як развіццё тых перамоў, якія прайшлі 1 снежня. У суботу, 6 снежня, плануецца яшчэ адна сустрэча з султанам Амана.
Першы раз Лукашэнка прыляцеў у Аман «з рабочым візітам» увечары 28 лістапада, перад тым наведаўшы саміт АДКБ у кыргызскім Бішкеку і М'янму, у якой яго вельмі ўрачыста сустракалі. Пасля з'яўлення ў Амане два дні пра Лукашэнку і ягоныя дзеянні не было нічога чуваць, і толькі 1 снежня ён нарэшце з'явіўся на сустрэчы з султанам Амана дома ў апошняга ў суправаджэнні не чыноўнікаў, а сваіх уласных сыноў — старэйшага Віктара і малодшага Мікалая. На другі дзень ён паляцеў у Алжыр, дзе правёў два дні.
Чытайце таксама:
Віктара Лукашэнку ў Амане назвалі «спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта»
Лукашэнка паказаўся ў Амане толькі на чацвёрты дзень візіту — дома ў султана. З ім Віктар і Коля
Лукашэнка ў Амане ўжо цэлы дзень, але мясцовыя ведамствы і СМІ пра гэта маўчаць