Колькі ў Кітаі каштуюць машыны, на якія ў Беларусі будуць наляпляць шыльдзік Zubr
У Беларусі анансавалі старт продажаў аўто беларускай зборкі пад брэндам Zubr. Беларускага ў іх — толькі назва, бо па факце ўсе яны кітайскія Forthing. Паглядзелі, колькі гэтыя «Зубры» каштуюць у Кітаі.
Zubr Talisman. Фота: zubr-auto.by
Топавая мадэль у лінейцы новага «беларускага брэнда» — гэта Zubr Relikt. Цэны на яго пачынаюцца з 79 900 рублёў, што каля 27 555 даляраў па бягучым курсе.
У Кітаі Zubr Relikt гэта Forthing T5 Evo. Цэны на такую машыну там пачынаюцца з 17 000 даляраў.
Скрыншот: alibaba.comа
Пры гэтым у інтэрнэце можна адшукаць і больш танныя прапановы, калі машыны ідуць у больш сціплых камплектацыях. Каштуюць такія аўто каля 15 тысяч даляраў.
Мадэль Zubr Talisman у Беларусі прадаюць па цэнах ад 71 900 рублёў, што каля $24 800.
Скрыншот: autocango.com
У Кітаі яна завецца Forthing T5L, цэны на аўто ў аналагічнай камплектацыі складаюць каля 16 тысяч даляраў.
Электрамабіль Zubr Zorka ў Беларусі прадаецца па цэнах ад 71 900 рублёў (каля 24 800 даляраў). У Кітаі гэтая машына ідзе пад маркай Hedmos (мадэль 06) і каштуе каля 17 800 даляраў.
Самая танная мадэль Zubr Legenda выстаўлена па цэнах ад 59 900 рублёў, што складае каля 20 600 даляраў. У Кітаі Forthing T5L можна набыць прыблізна за 12,5 тысячы даляраў.
Атрымліваецца, што беларусам кітайскія аўто, сабраныя ў Беларусі пад айчынным брэндам, будуць абыходзіцца прыблізна ў 1,6 разу даражэй, чым за іх плацяць кітайскія пакупнікі.
Але гэта яшчэ дробязі ў параўнанні з тым, як адрозніваюцца цэны на «Масквічы», якія збіраюць на былым заводзе Renault у Расіі, ад іх арыгінальных JAC. Па падліках расійскіх журналістаў, «Масквічы» каштуюць мінімум у два разы даражэй, чым аналагічныя JAC у Кітаі.