У Чарнобылі знайшлі незвычайны чорны грыб, які сілкуецца радыяцыяй
У Чарнобыльскай зоне адчужэння навукоўцы знайшлі незвычайны мікраарганізм — чорны грыб Cladosporium sphaerospermum. Ён не толькі выжывае пры высокім узроўні радыяцыі, але і расце дзякуючы ёй хутчэй, піша выданне Science Alert.
Cladosporium sphaerospermum. Фота: Science Alert
Грыб быў знойдзены непасрэдна на канструкцыях разбуранага 4‑га энергаблока Чарнобыльскай АЭС. Аналіз паказаў, што гэты від валодае ўнікальнай здольнасцю выкарыстоўваць энергію іянізуючага выпраменьвання для падтрымання росту і метабалізму.
Навукоўцы лічаць, што ключавую ролю тут адыгрывае меланін — цёмны пігмент у сценках клетак. Мяркуецца, што меланін працуе як «біялагічная сонечная батарэя»: паглынае радыяцыю і ператварае яе ў хімічную энергію, якую грыб можа выкарыстоўваць для жыцця.
Хоць дакладны механізм так званага «радыёсінтэзу» яшчэ патрабуе пацвярджэння, лабараторныя эксперыменты паказваюць адназначна: радыяцыя не толькі не шкодзіць гэтаму грыбу, а якраз наадварот — паскарае яго рост. Гэта ставіць пад сумнеў традыцыйны погляд, што іянізуючае выпраменьванне заўсёды знішчальна дзейнічае на жывыя арганізмы.
Першыя цёмныя калоніі такіх грыбоў заўважылі яшчэ ў канцы 1990‑х гадоў на сценках саркафага разбуранага рэактара. Іх выключная ўстойлівасць да доз радыяцыі, смяротных для большасці формаў жыцця, выклікала вялікую цікавасць навукоўцаў.
Даследаванні паказалі падвышаную канцэнтрацыю меланіну ў гэтых арганізмах і іх здольнасць выдатна адчуваць сябе ў экстрэмальных умовах, якія раней лічыліся непрыдатнымі для існавання мікраарганізмаў.
Чытайце таксама:
«Пажаўцелі скура і вочы». Жанчына з-пад Гродна атруцілася грыбамі
Чарнобыль не дае пра сябе забыць. У грыбах з Веткі радыяцыя перавышала норму ў 82 разы
Беларуска ў сярэдзіне лістапада пайшла ў лес і вярнулася з кашом лісічак