БЕЛ Ł РУС

Царква Швецыі заклікала свае прыходы больш не мець спраў з мінскім Свята-Елісавецінскім манастыром

1.12.2025 / 19:58

Nashaniva.com

Царква Швецыі разаслала прыходам рэкамендацыю не запрашаць манахінь Свята-Елісавецінскага манастыра з Мінска на свае мерапрыемствы. Прычынай сталі паведамленні пра сувязі манастыра з расійскай дзяржавай і падтрымку вайны супраць Украіны: у афіцыйным паведамленні гаворыцца пра «шчыльныя кантакты з ГРУ» і падпарадкаванне Маскоўскаму патрыярхату, піша «Хрысцінская візія».

Свята-Елісавецінскі манастыр на адным з кірмашоў у Заходняй Еўропе. Фота ілюстрацыйнае

Паводле ацэнак Царквы Швецыі, з мінскімі манашкамі супрацоўнічалі 10—20 прыходаў, куды сёстры прыязджалі на адвентныя і калядныя кірмашы прадаваць вырабы ручной работы. Прыход Тэбю пад Стакгольмам, у якім манашак бачылі апошнім часам, ужо прынёс за гэта прабачэнні і абвясціў пра разрыў кантактаў «на час вайны».

Самі прадстаўнікі Свята-Елісавецінскага манастыра адкідаюць абвінавачванні і сцвярджаюць, што выручка з кірмашоў ідзе нібыта толькі на дапамогу бедным і догляд за пажылымі людзьмі.

У кантэксце гэтай дыскусіі міністр міграцыі Швецыі Юхан Форсель заявіў, што абмяркуе з міграцыйнай службай магчымасць перагляду правіл пражывання ў краіне асоб, звязаных з інтарэсамі расійскай дзяржавы, падкрэсліўшы, што Швецыя «не абавязаная праяўляць гасціннасць да тых, хто падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны».

Чытайце таксама:

Манашак-гандлярак са Свята-Елісавецінскага манастыра зноў заўважылі ў Швецыі

Пуцін асабіста ўручыў медалі Андрэю Лемяшонку і ігуменні Гаўрыіле

У Польшчы на паломніцкай гары заўважылі палатку Свята-Елісавецінскага манастыра

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з-пад царквы ў Рыме

У Свята-Елісавецінскім манастыры зноў правялі Z-хрэсны ход з расійскімі сцягамі

Каментары да артыкула