«Калі назваў цану за кватэру не ў далярах». Беларусы посцяць мемы пра тое, якія дробязі выдаюць несапраўдных беларусаў
Многім здаецца, што выдаць сябе за беларуса — справа нескладаная: выраслі ў постсавецкай краіне, збольшага размаўляюць па-руску і глядзелі тыя ж расійскія тэлеканалы. Але культурныя маркеры скажуць больш, чым няправільны жэст агента ў легендарнай сцэне Таранціна.
Знакамітая сцэна з трыма пальцамі з фільма Квенціна Таранціна «Бясслаўныя вырадкі»
У сацсетках набраў папулярнасць мем пра тое, як лёгка вылічыць чалавека, які выдае сябе за беларуса, але насамрэч ім не з’яўляецца.
У апошнія гады часта можа пачуць ад расейцаў і нават украінцаў, якія трапляюць у Еўропу, рэкамендацыю прадстаўляцца беларусамі, бо да беларусаў ні ў каго няма прэтэнзій і ў цэлым пазітыўнае стаўленне ва ўсіх.
Для замежнікаў усходнеславянскія народы і праўда нярэдка выглядаюць падобнымі, у тым ліку праз значную зрусіфікаванасць. Але вось для беларуса распазнаць фальшывага суайчынніка куды прасцей — і не толькі па мове.
Кантэкст мема
Мем суправаджаецца кадрам з фільма Квенціна Таранціна «Бясслаўныя вырадкі». У знакамітай сцэне брытанскі агент (яго грае Майкл Фасбендэр), які працуе пад прыкрыццём у нацысцкай Германіі, выпадкова выдае сябе ў бары.
Штурмбанфюрару гестапа (Аўгуст Дыль) здаецца падазроным акцэнт госця, і ён падсаджваецца да століка, каб выведаць праўду. Крытычны момант здараецца, калі агент замаўляе віскі: са словамі «drei Gläser» («тры шклянкі»), ён паказвае афіцыянту тры пальцы на англійскі манер — без вялікага пальца. Для немца гэты жэст становіцца той самай дэталлю, якая пацвярджае слушнасць ягоных здагадак. Усё канчаецца жорсткай таранцінаўскай перастрэлкай у бары, у якой гінуць амаль усе прысутныя.
Менавіта момант распазнання памылкі чужынца і стаў асновай для новага мема пра тое, як беларус заўсёды заўважыць у несапраўдным беларусе тое, што схавана ад вока іншага.
Што выдае небеларуса
На думку беларусаў, найперш небеларуса выдае адсутнасць маркерных беларускіх слоўцаў, якія адрозніваюць рускую мову беларусаў. Гэта «шуфлядка», якая сама ўжо стала мемам, «дзюбка», «буська», «байка», «жменя», «ссабойка», а яшчэ «вазон» у значэнні пакаёвай расліны. Замест іх у мове небеларуса можна пачуць грувасткія канструкцыі, якія рэжуць беларускі слых. Вядома, можа выдаць небеларуса і ўжыванне слова «Беларусія», але, здаецца, ужо многія запомнілі, што беларусы так ніколі не кажуць.
Аднак эпізод з фільма Таранціна ілюструе ўсё ж больш не моўныя, а культурныя і невербальныя адрозненні. Сярод такіх культурных маркераў беларусы называюць няведанне таго, што робяць «тры чарапахі», якія па ранейшаму цягнуць Зямлю, няведанне «Калыханкі», на якой гадавалася не адно пакаленне беларусаў, ці персанажа Паца-Ваца з «Мультыклуба», адной з найбольш папулярных дзіцячых перадач, якую паказвалі на тэлеканале БТ.
Калі беларус сказаў «открой верхний ящик»
Калі беларус сказаў «сегодня холодно, надену толстовку»
Калі беларус назваў цану за кватэру не ў далярах
Калі беларус у перапісцы напісаў «комнатное растение»
Калі беларус сказаў «безразличный к жизни»
Калі беларус сказаў «на улице сыро и холодно» замест «каля нуля»
Калі не ведаеш, як па-беларуску «я родился за колючей проволкой»
Калі беларус спытаў «какая другая платформа?»
Калі беларус сказаў «заточенный грифель карандаша»
Калі беларус сказаў «дай поцелуй»
Калі беларус сказаў, што любіць глядзець «Спокойной ночи, малыши», а не «Калыханку»
Калі беларус сказаў «жабка і нейкі барадаты мужчына»
Калі беларус сказаў «колыбельная»
Чытайце таксама:
Беларускі арыгінальна прызналіся ў любові Караткевічу
«Рэйв на заводзе». Зумеры падымаюць продажы беларускіх прадпрыемстваў, здымаючы вірусны кантэнт
«Печыва едзе ў печ, хочаш з ім?» «Слодыч» запісаў крыповы хорар-ролік пра начную экскурсію па цэху