БЕЛ Ł РУС

Польскі блогер наведаў Беларусь — некаторыя яго высновы вас здзівяць

28.11.2025 / 9:30

Міра Нікановіч

Польскі ютуб-канал Tanie podróżowanie («Танныя падарожжы») выпусціў серыю відэа пра тое, як бюджэтна падарожнічаць па Беларусі. Найпапулярнейшым аказаўся выпуск пра Мінск — у сталіцы польскі блогер знайшоў шакуючыя цэны, акунуўся ў начное жыццё і набыў мерч Лукашэнкі.

Фота: кадр з відэа

У канала Tanie podróżowanie на сёння больш за 89 тысяч падпісчыкаў. Мяркуючы па сацсетках канала, у падарожжы звычайна выпраўляюцца два чалавекі — аўтар канала са спадарожніцай.

Верагодна, у Беларусь блогеры прыязджалі яшчэ летам, бо пра гэта сведчаць іх лёгкае адзенне і стан прыроды ў кадры. Але выклалі ролікі яны толькі цяпер.

Цяпер на канале ёсць дзевяць відэа з таго падарожжа, здзейсненага на кемперы. Блогеры наведалі Брэст і Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, руіны канцлагера часоў міжваеннай Польшчы «Бяроза-Картузская», возера Свіцязь і Мірскі замак.

Але найбольш папулярным аказаўся ролік пра Мінск — ён набраў за чатыры дні 96 тысяч праглядаў.

Пачынаецца відэа з таго, што блогеры пакідаюць кемпер і едуць у цэнтр горада на грамадскім транспарце. Першае, што іх зачапіла, — новы будынак «Белэкспа»:

«Паглядзіце, які прыгожы будынак можна ўзвесці без датацый ЕС. Няма тут ніякіх шыльдаў, ніякага сіняга сцяга з залатымі зоркамі».

Фота: кадр з відэа

Не прайшоў паляк і міма БелАЗа, што стаяў на вуліцы ля «Белэкспа», а потым выправіўся ў паездку да Курапатаў. Яшчэ адна славутасць, якую наведаў блогер — мінскае метро.

«Усё гэта выглядае як нешта з 1980-х. Здаецца, з таго часу нічога не змянілася. Вагон страшна трасе, пакуль ты едзеш, але ёсць трохі настальгіі. У Варшаве такога больш не знойдзеш», — апісвае ён паездку.

Паказаўшы трохі сталінак на праспекце Незалежнасці, паляк выправіўся на Зыбіцкую, каб пазнаёміцца з мінскім начным жыццём. Шпацыр навёў яго на філасофскія думкі:

«Зусім не падобна да правінцыйнай Беларусі. Калі беларус з вёскі прыязджае сюды, ён, напэўна, думае, што трапіў у іншае вымярэнне, бо тут усё сапраўды выглядае інакш. Калі параўнаць гэта з месцамі, якія вы можаце пабачыць у іншых частках гэтай серыі [пра Беларусь], то гэта як дзве розныя краіны».

Фота: кадр з відэа

Яшчэ адно назіранне паляка: хаця на вуліцах тады яшчэ летняга Мінска шмат людзей, але ў пабах не так шматлюдна. Ён здзіўляецца: магчыма, у мінчукоў няма грошай на пабы?

Мінск мужчына лічыць касмапалітычным горадам. І робіць вельмі нечаканую заўвагу:

«Яшчэ мяне здзівіла, што ў метро я пабачыў некалькі аднаполых пар, і мужчынскіх, і жаночых. Не памятаю, каб у Варшаве я бачыў дзвюх дзяўчат, якія б дэманстратыўна цалаваліся, ці двух хлопцаў, якія б трымаліся за рукі на вуліцы […] Зразумела, што ніхто гэтага не хавае, тут пануе поўная талерантнасць».

Фота: кадр з відэа

Пасля шпацыру па горадзе паляк пайшоў на закупы — для гэтага ён абраў гандлёвы цэнтр «Сталіца». І зноў, як і ў выпадку з пабамі, мужчына адзначыў, што людзей там няшмат. Зноў вінаватыя цэны? Сам паляк сышоў са «Сталіцы» толькі з адным набыткам: з усіх крамаў ён выбраў краму з мерчам Лукашэнкі, дзе купіў сабе цішотку з выявай палітыка.

На думку блогера, у Мінску шмат кітайскіх рэстаранаў, але ж ён усё-ткі знайшоў сабе еўрапейскую ежу. За гародніну з бульбай на грылі, дранікі са смятанай і піва аматар бюджэтных падарожжаў аддаў 78 рублёў. Яго выснова трохі смешная — стравы на смак былі дрэнныя, і гатаваў іх, відаць, беларус.

З усіх музеяў Мінска блогер выбраў для наведвання Музей Вялікай Айчыннай вайны. Уражанні ў яго прыемныя:

«Чакаў пабачыць тут савецкі бетонны блок, але ж не. Нават Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве не пасаромеўся б мець такі дызайн».

Фота: кадр з відэа

Паляку спадабалася экспазіцыя, ён правёў у музеі тры гадзіны і падрабязна расказаў пра яго. Але адна заўвага да музея ў яго ўсё ж ёсць.

Яна датычыць пачатку Другой сусветнай: на адной з таблічак у музеі расказваюць пра тое, што вайна пачалася 1 верасня 1939 года, але не кажуць ні слова пра тое, што 17 верасня 1939‑га на тэрыторыю тагачаснай Польшчы ўвайшлі савецкія войскі. Блогер прайшоўся па музеі — у яго склалася ўражанне, што падзеі другой паловы верасня 1939 года стваральнікі музея вырашылі цалкам прапусціць.

У канцы выпуску паляк знайшоў некалькі добрых словаў, каб апісаць уражанні ад Мінска:

«Гэта не тыповы шэры і бетонны камуністычны горад, як можна было б падумаць, нічога такога. Тут вельмі шмат зеляніны і прасторы. Гэта тое, чаго асабіста мне ў апошні час вельмі бракуе ў Польшчы, бо ў нас звужаюць дарогі, робяць палосы для аўтобусаў, пракладаюць нейкія там веласцежкі.

Глядзіце, а тут [на дарозе] тры паласы ў кожны бок, ёсць яшчэ месца на вялікі газон абапал, на тратуар і веласцежку, і ніхто не ставіць тут будынкі ля самай дарогі».

Чытайце таксама:

Амерыканцы кінуліся набываць адну прыладу, каб менш сядзець у тэлефоне

Мопсы і бульдогі могуць знікнуць праз дзесяцігоддзе

У Гомельскім цырку паказалі праграму да 80‑годдзя перамогі — з сярпом, молатам і штурмам Рэйхстага

Каментары да артыкула