Трамп не лічыць свой план па Украіне канчатковым і гатовы яго мяняць
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прапанаваны ім мірны план па Украіне не з’яўляецца канчатковым і можа быць зменены. Гаворачы з журналістамі падчас трансляцыі телеканала Fox News, ён адказаў «не» на пытанне, ці з’яўляецца гэты план «фінальнай прапановай для Украіны», падкрэсліўшы, што галоўная мэта — дасягнуць міру.
Дональд Трамп. Фота: Win McNamee/Getty Images
На пытанне, што будзе, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адкіне гэты план, Трамп адзначыў: у такім выпадку «ён можа працягваць змагацца з усіх сіл».
Таксама, на думку Трампа, гэтая вайна ніколі б не пачалася, калі б у 2022 годзе прэзідэнтам быў ён, а не Джо Байдэн.
Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што гатовы «працаваць» разам з заходнімі партнёрамі, выкарыстоўваючы прапановы Трампа як аснову для далейшых абмеркаванняў.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін таксама пракаментаваў ініцыятыву Трампа, сказаўшы, што гэты дакумент «можа быць пакладзены ў аснову канчатковага мірнага вырашэння».
На нядзелю, 22 лістапада, у Жэневе запланаваныя перамовы Украіны, ЗША, Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі, на якіх прапанова Трампа будзе разгледжаная больш падрабязна.
Чытайце таксама:
Орбан пагражае заблакаваць еўрапейскую дапамогу Украіне, калі не будзе безумоўна прыняты план Трампа
Еўрапейцы адхілілі план Трампа па Украіне ў яго цяперашнім выглядзе