БЕЛ Ł РУС

Орбан пагражае заблакаваць еўрапейскую дапамогу Украіне, калі не будзе безумоўна прыняты план Трампа

22.11.2025 / 18:54

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, які ўжо даўно выступае супраць падтрымкі Украіны, карыстаецца новай ініцыятывай ЗША, каб затрымаць вылучэнне Еўрасаюзам шматмільярднай дапамогі Кіеву, паведамляе Politico.

Віктар Орбан з Дональдам Трампам. Фота: Yoan Valat, Pool photo via AP

У лісце да кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, з якім азнаёмілася Politico, Орбан заклікаў ЕС падтрымаць амерыканскую «мірную прапанову» з 28 пунктаў. Паводле гэтай прапановы, Украіна павінна адмовіцца ад часткі тэрыторый, у два разы скараціць сваю армію, а ЗША атрымаюць 50% прыбытку ад пасляваеннага аднаўлення краіны. План быў падрыхтаваны спецпасланнікам Белага дома Стывам Уіткафам без уліку пазіцыі еўрапейскіх партнёраў і ўтрымлівае настолькі значныя саступкі Маскве, што многімі ўспрымаецца як фактычна капітуляцыйны.

Віктар Орбан настойвае, што Еўропа павінна «неадкладна і безумоўна» падтрымаць ініцыятыву Вашынгтона і пачаць «прамыя перамовы з Расіяй». Большасць іншых краін ЕС, аднак, падкрэсліваюць, што застаюцца цвёрдымі прыхільнікамі падтрымкі Украіны.

У тым жа лісце венгерскі лідар заяўляе, што Венгрыя не падтрымае ніводнай новай формы фінансавай дапамогі Украіне і не дазволіць прымаць такое рашэнне ад імя ўсяго Еўрасаюза.

Тым часам у Бруселі ідуць перамовы пра выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў для афармлення 140‑мільярднага рэпарацыйнага крэдыту для Украіны. Кіеў падкрэслівае, што гэтае рашэнне жыццёва важнае для стабільнага фінансавання Украіны ўжо з 2026 года — без дадатковых выдаткаў для еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў.

Венгрыя ўвесь час спрабуе тармазіць і вайсковую, і фінансавую падтрымку Украіны, паралельна паглыбляючы ўласныя сувязі з Крамлём і выступаючы супраць антырасійскіх санкцый. У той жа час Будапешт неаднаразова трапляў у складанае становішча праз нечаканыя павароты ў пазіцыі Дональда Трампа адносна Расіі.

Дональд Трамп паставіў Украіне тэрмін — да чацвярга 27 лістапада — каб тая пагадзілася з амерыканскімі ўмовамі. Паводле яго слоў, «Зяленскі павінен прыняць план, іначай — няхай працягваюць ваяваць».

Прэзідэнт Украіны ў адказ сказаў у відэазвароце, што краіна перажывае адзін з самых цяжкіх момантаў у сваёй гісторыі і можа апынуцца перад выбарам паміж «стратаю годнасці і рызыкай страціць ключавога партнёра».

Чытайце таксама:

Еўрапейцы адхілілі план Трампа па Украіне ў яго цяперашнім выглядзе

У Еўропе абураныя намерам Трампа нагрэць рукі на замарожаных ЕС расійскіх актывах

Стала вядома, якія гарантыі збіраюцца даць ЗША Украіне ў выпадку прыняцця мірнага плану

У мірным плане ЗША заўважылі падазроныя русізмы ў тэксце

28 пунктаў «мірнага плана» ЗША — поўны спіс

Каментары да артыкула