Эйсмант: Двух каталіцкіх святароў памілавалі па просьбе Папы Льва XIV
Двух каталіцкіх святароў Анджэя Юхневіча і Генрыха Акалатовіча памілавалі па просьбе папы рымскага Льва XIV. Такую заяву зрабіла прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Папа Леў XIV. Фота: Franco Origlia / Getty Images
Лукашэнка памілаваў іх у чацвер, 20 лістапада. Рашэнне прынялі, па яе словах, у рамках жэсту добрай волі і улічваючы стан здароўя асуджаных.
У Беларусі таксама разлічваюць на развіццё адносін нашай краіны са Святым Пасадам.
Кардынал, былы папскі пасланнік у Беларусі Клаўдыа Гуджэроці сказаў, што Лукашэнка зацікаўлены ў візіце новага Папы ў Беларусь.
«Лукашэнка запэўніў мяне, што, на яго погляд, візіт Папы пайшоў бы на карысць беларускаму народу і што ён зробіць усё магчымае, каб гэта адбылося. Такім чынам, ёсць сапраўдны інтарэс. Відавочна, патрабуецца пасрэдніцтва і абмеркаванне: як гэта будзе адбывацца, цяжка прыдумаць звонку.
Папа ніколі не паедзе ў месца, дзе яго прыезд створыць падзел. Гэта святы прынцып: Папа едзе туды, дзе народ можа атрымаць карысць, а не для таго, каб распальваць супрацьстаянне [раней лічылася, што Папа не можа наведваць краіны пад юрысдыкцыяй РПЦ — НН]. Трэба стварыць умовы, каб усе былі перакананыя ў аб'ектыўнай каштоўнасці візіту на карысць народа, а не для нейкай адной «званіцы». Гэта праца, якую трэба зрабіць. Ці будзе поспех адразу ці заўтра? Мы не ведаем», — сказаў кардынал.
Чытайце таксама:
Вызваленыя каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч