БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, якія гарантыі збіраюцца даць ЗША Украіне ў выпадку прыняцця мірнага плану

21.11.2025 / 18:52

Nashaniva.com

«Мірны план» адміністрацыі Дональда Трампа, які перадалі Украіне, суправаджаецца дакументам з гарантыямі бяспекі для Украіны, якія параўноўваюць з тымі, што маюць краіны НАТА паводле арт. 5 Паўночнаатлантычнай дамовы. Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта паведамляе Axios са спасылкай на праект дакумента, што атрымала рэдакцыя.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images

Гаворка ідзе пра асобны дакумент, які суправаджае «мірны план» з 28 пунктаў, які амерыканскі бок перадаў Украіне 20 лістапада і які прадугледжвае, сярод іншага, саступку тэрыторый і адмову ад сяброўства ў НАТА.

У дакуменце — апісанні гарантый гаворыцца, што ў выпадку будучай «значнай, наўмыснай і ўстойлівай узброенай агрэсіі» Расіі супраць Украіны яе будуць разглядаць як пагрозлівую для міру і бяспецы трансатлантычнай супольнасці і ЗША, таму саюзнікі павінны адрэагаваць адпаведна, уключаючы выкарыстанне вайсковай сілы.

Згодна з публікацыяй, прапанова выглядае наступным чынам:

1. Гэтая рамка вызначае ўмовы для спынення агню паміж Украінай і РФ і дае гарантыі бяспекі, мадэллю для якіх з'яўляюцца прынцыпы арт. 5 Паўночнаатлантычнай дамовы, адаптаваныя да абставін гэтага канфлікту і інтарэсаў ЗША і еўрапейскіх партнёраў.

Злучаныя Штаты пацвярджаюць, што значная, наўмысная і ўстойлівая (sustained) узброеная атака з боку РФ праз узгодненую «лінію перамір'я» ўглыб украінскай тэрыторыі будзе лічыцца нападам, які пагражае міру і бяспецы трансатлантычнай супольнасці.

У выпадку такога здарэння прэзідэнт ЗША павінен, выконваючы свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы і пасля неадкладных кансультацый з Украінай, НАТА і еўрапейскімі партнёрамі, вызначыць меры, неабходныя для аднаўлення бяспекі. Гэтыя меры могуць уключаць дапамогу ў выглядзе падтрымкі ўзброенымі сіламі, разведданымі і лагістычнай падтрымкі, эканамічныя і дыпламатычныя меры, а таксама іншыя крокі, якія палічаць адпаведнымі.

Ацэньваць кожнае заяўленае парушэнне будзе сумесны ацэначны механізм з удзелам НАТА і Украіны. Члены НАТА, уключаючы Францыю, Злучанае Каралеўства, Германію, Польшчу і Фінляндыю, пацвярджаюць, што бяспека Украіны з'яўляецца складнікам стабільнасці ў Еўропе, і абавязваюцца дзейнічаць узгоднена з ЗША ў адказ на любое ўстаноўленае парушэнне, забяспечваючы аб'яднаную і надзейную пазіцыю стрымлівання.

2. Гэтая рамка набывае моц з моманту падпісання і будзе заставацца дзейнай на працягу 10 гадоў, з аднаўленнем па ўзаемнай згодзе. За яе выкананнем будзе назіраць Сумесная маніторынгавая камісія, якую ўзначальваюць еўрапейскія партнёры пры ўдзеле ЗША.

Ніжэй прыводзяцца радкі подпісаў для Украіны, РФ, ЗША, ЕС і НАТА.

Чыноўнік з Белага дома сказаў, што Расію праінфармавалі пра гэты праект, але пакуль незразумела, ці чакаецца, што яго павінен падпісаць асабіста кіраўнік Крамля.

Суразмоўца кажа, што прапанову плануюць абмяркоўваць з еўрапейскімі дзяржавамі і яе змест можа мяняцца. Паводле яго слоў, у адміністрацыі Трампа лічаць прапанаваны праект гарантый вельмі выйгрышнай прапановай для Украіны і для яе доўгатэрміновай бяспекі.

Спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф нібыта абмяркоўваў гэты дакумент з сакратаром РНБА Украіны Рустэмам Умеравым у гэтыя выхадныя, а ў чацвер дакумент перадалі ў пісьмовым выглядзе прэзідэнту Зяленскаму.

Axios інтэрпрэтавалі прачытаны тэкст як прамое абавязацельства ЗША ўмяшацца для абароны Украіны ў выпадку новага нападу РФ, што можа не спадабацца Трампавым прыхільнікам, якія прытрымліваюцца ідэі «Амерыка перш за ўсё». The Wall Street Journal у сваёй публікацыі згадвалі, што «гарантыі» не прадугледжваюць прамых абавязацельстваў ЗША па ваеннай дапамозе Украіне.

Чытайце таксама:

У мірным плане ЗША заўважылі русізмы ў тэксце

«Альбо страта годнасці, альбо рызыка страты ключавога партнёра». Зяленскі выступіў з драматычным зваротам да ўкраінскага народа

Лідары ЕС і Зяленскі назвалі адпраўную кропку для перамоў аб міры

ЗША патрабуюць ад Украіны пагадзіцца на мірны план Уіткафа-Дзмітрыева да 27 лістапада

28 пунктаў «мірнага плана» ЗША — поўны спіс

Каментары да артыкула