БЕЛ Ł РУС

Затрыманы экс-кіраўнік РРБ-Банка Віталь Дранкевіч, у мінулым сам следчы

21.11.2025 / 13:12

Nashaniva.com

Становяцца вядомыя новыя імёны фігурантаў вялікай банкаўскай справы, або «справы Софтклуба», якая закруцілася вакол вядучага правайдара банкаўскіх ІТ рашэнняў і яго кіраўніка Уладзіміра Сіроткі. Чарговы затрыманы — выканаўчы дырэктар РРБ-Банка, у мінулым — сам следчы Дэпартамента фінансавых расследаванняў Віталь Дранкевіч. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», быў затрыманы выканаўчы дырэктар РРБ-Банка Віталь Дранкевіч. Гэта адбылося прыкладна 26 кастрычніка (яго апошні дзень у анлайне).

Віталь Дранкевіч, фота: sb.by

Дранкевіч займаў пасаду з 2021 года, а да таго з 2016‑га па 2021‑шы быў старшынёй праўлення РРБ-Банка. Да моманту, пакуль Нацбанк не пераатэставаў яго з прычыны «неадпаведнасці кваліфікацыі і патрабаванням».

У банкіры Дранкевіч прыйшоў са следчых Дэпартамента фінансавых расследаванняў. 

Прозвішча Дранкевіча ўжо знікла са старонкі «кіраўніцтва» на сайце арганізацыі, з 17 лістапада яго пасаду займае Дзмітрый Цыбулін, у чые абавязкі ўваходзіць у тым ліку кіраванне аўтаматызацыяй банкаўскіх працэсаў. 

Дранкевіч, як вядома «Нашай Ніве», праходзіць адным з падазраваных па маштабнай «справе Софтклуба», сэнс якой у тым, што быццам бы існавала карупцыйная змова паміж кампаніяй-пастаўшчыком ІТ-рашэнняў і менеджарамі шэрагу банкаў. Яны нібыта атрымлівалі адкаты за лаяльнасць да канкрэтнага пастаўшчыка, але ў працэсе яшчэ і крэатыўна недаплачвалі падаткі, што і стала першаснай прычынай увагі органаў. 

Чытайце таксама: Стала вядома сутнасць справы Софтклуба 

Нагадаем, затрыманні пачаліся 23 кастрычніка 2025‑га з арышту генеральнага дырэктара і стваральніка кампаніі «Софтклуб» Уладзіміра Сіроткі.

Чытайце: Справа Софтклуба: затрыманы патрыярх беларускага ІТ Уладзімір Сіротка і некалькі топ-менеджараў. Яны падарылі нам АРІП

Праз тры дні, 26 кастрычніка, сілавікі прыйшлі да старшыні праўлення Цэптар Банка Аляксандра Ігнатава. Пазней стала вядома пра праблемы ў старшыні банка ВТБ Уладзіміра Ліхадзіеўскага, а таксама пра затрыманні менеджараў сярэдняй рукі ў Прыёрбанку.

Кіраўніцтва «Софтклуба» абвінавачваюць, як вядома «Нашай Ніве», ва ўхіленні ад падаткаў і дачы хабару. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую справу яшчэ не было. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула