БЕЛ Ł РУС

Віцебская фабрыка выпусціла дываны з матрошкамі

21.11.2025 / 11:46

Максім Сыраежка

Кампанія «Віцебскія дываны» прэзентавала новую калекцыю, створаную «па матывах славянскага мастацтва». На дыванах — матрошкі і ўзоры хахламы. Навінка выклікала неадназначную рэакцыю ў сацыяльных сетках.

Новыя віцебскія дываны. Скрын відэа: vitcarpet_belarus / Instagram

Новыя віцебскія дываны маюць круглую форму і памер метр на метр. Усяго шэсць дызайнаў: тры матрошкі і тры хахламы.

«Сакавітыя, яркія, дызайнерскія дываны. Вы іх можаце пакласці ў дзіцячы пакой ці выкарыстоўваць як вельмі яркі інтэр'ерны элемент», «Калекцыя з ноткамі настальгіі па дзяцінстве» —

сцвярджаюць у рэкламных роліках і паведамляюць, што новую прадукцыю можна набыць як праз сайт, так і ў фірменных крамах у Мінску.

Многіх збянтэжыла, што выбралі сімвалы, якія не асацыююцца з Беларуссю.

«А ці не лагічней спачатку вырабіць дываны з матывамі сваёй краіны?» —

задаюцца пытаннем у каментарах да рэкламы.

Нехта выказаўся больш эмацыйна:

«Вельмі дзіўна бачыць такі дызайн. Чаму не наша нацыянальная тэматыка? Нашы арнаменты нашмат прыгажэйшыя».

На гэтую заўвагу акаўнт «Віцебскіх дываноў» адказаў:

«Чым жа матрошкі не нацыянальны сімвал?»

Фабрыка заўважыла таксама, што ў іх ёсць і іншыя калекцыі.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Фирменная сеть магазинов «Витебские Ковры» (@vitcarpet_belarus)

Адзін з каментатараў дае разгорнутае тлумачэнне, чаму абраныя сімвалы не маюць дачынення да беларускай культуры:

«Матрошка — тыпова расейскі сувенір, які з’явіўся ў Падмаскоўі напрыканцы XIX стагоддзя. Хахлама — гэта расейскі народны роспіс з Ніжагародскай губерні (XVII стагоддзе).

У беларускай традыцыйнай культуры ёсць свае ўласныя сімвалы і рамёствы, якія ніяк не звязаныя з гэтымі расейскімі артэфактамі. Напрыклад, слуцкія паясы, саломапляценне, беларускія ручнікі з чырвона-белай вышыўкай, кераміка і арнаменты, што ідуць яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Калі ласка, не выдавайце расейскую культуру за беларускую».

Некаторыя спрабуюць зразумець логіку вытворцы. Адно з меркаванняў — разлік на расійскі рынак.

«Бачу, што апошнім часам нашы вытворцы сталі арыентавацца на расійскіх пакупнікоў», «Для турыстаў з суседняй краіны», «Гэта, відаць, прадукцыя на экспарт».

А былі і тыя, каму новая калекцыя прыйшлася даспадобы:

«Класныя. Трэба браць!», «Вельмі сімпатычныя матрошкі! Такія пад ногі не кінеш!», «У мяне сын абажае матрошак. Мне такая патрэбная», «Так прыемна бачыць, што беларускія кампаніі сочаць за трэндамі і аператыўна выпускаюць навінкі».

Чытайце таксама:

Мінчанка шые бомберы з бабуліных посцілак — цэны ад 100 даляраў

У Гарадку прыватнік адкрыў сыраварню. Якія заробкі прапануе?

МТЗ у 2026 годзе выпусціць чатыры новыя мадэлі сякер, адну з падоўжанай ручкай

Каментары да артыкула