БЕЛ Ł РУС

Камуналку для «дармаедаў» пачалі налічваць паводле новых правілаў. Людзі не могуць паверыць лічбам у жыроўках

16.11.2025 / 17:44

Nashaniva.com

«Добры дзень. У нас 59 кв, прапісаны 1 чалавек, а сума 369 рублёў. Куды звяртацца?»

Беларусы ў шоку ад цэн за камуналку для тых, хто трапіў у «дармаеды». Жыхарка Полацка, муж якой працуе ў Еўропе, апублікавала ў Threads сваю жыроўку, звярнула ўвагу «Точка».

«Ну што беларусы, расказвайце, каму таксама прыйшлі пацяжэлыя жыроўкі з аплатай па поўным кошце і колькі выставілі вам? Я пачну, 63 кв. м — 349,47».

Скрыншот: Threads

Другая жанчына адказала ёй: «Добры дзень. У нас 59 кв, прапісаны 1 чалавек, а сума 369 рублёў. Куды звяртацца?»

«Усім прывітанне, мяне завуць Андрэй, і я дармаед, які працуе ў Еўропе. Жыроўка 200+ за амаль 70 кв. м», — напісаў беларус.

У шоку і яшчэ адна аўтарка каментара: «А вось падкажыце, я ў дэкрэце, 20 м², прыйшлі камунальныя 312 р».

Прычым не ўсе разумеюць, з чым звязанае рэзкае павышэнне кошту.

«Мне больш цікава, чаму я, працуючы афіцыйна ў Беларусі, таксама мушу аплаціць гэтую камуналку за свае 50% кватэры, толькі таму, што кватэра запісаная на мужа. Я мужу не нянька і не мамка, ён сам вызначае, як і дзе працаваць і зарабляць».

Рэкорд жа належыць дзяўчыне, якой давядзецца заплаціць больш за 745 рублёў.

Скрыншот: Threads

У Беларусі з 1 кастрычніка памяняўся парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для незанятых у эканоміцы грамадзян. Раней памер платы залежаў ад факту рэгістрацыі ўласніка ў кватэры і колькасці жыльцоў.

Напрыклад, калі ў кватэры, якая належыць афіцыйна беспрацоўнаму грамадзяніну, зарэгістраваныя і жывуць трое, то павышаны тарыф ужываўся толькі да часткі плошчы. Новыя правілы скасавалі гэты прынцып.

Цяпер, калі грамадзянін прызнаны не занятым у эканоміцы, на ўсе кватэры, якія яму належаць (незалежна ад іх колькасці), і на ўвесь аб'ём спажывання ў асноўных паслугах налічваецца поўны тарыф.

Чытайце таксама:

Качанава: Каб нармальна жыць, трэба працаваць і нараджаць. Паглядзіце на Узбекістан

«Дармаедаў» пачалі караць за няяўку на прафілактычныя мерапрыемствы

Дзяўчыну запісалі ў дармаеды. Яна адказала, што не будзе працаваць, бо жаніх забяспечвае

Каментары да артыкула