БЕЛ Ł РУС

Актывы збанкрутаванай «Белрыбы» перайшлі да фірмы, блізкай да сям'і Лукашэнкі

14.11.2025 / 17:05

Nashaniva.com

На беларускім рынку рыбы адбыўся перадзел: актывы збанкрутаванай «Белрыбы» перайшлі да кампаніі «Марская гавань», якая звязана з блізкай да сям'і Лукашэнкі Людмілай Няронскай. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы кампаніі «Коліерз», заўважыла «Люстэрка».

Людміла Няронская

Кампанія «Марская гавань», зарэгістраваная ў Мінску ў снежні 2024 года, набыла ўласнасць «Белрыбы» — вытворчыя памяшканні на вуліцах Сцебянёва і Радыяльнай. Агульная плошча маёмасці — 24 тысячы квадратных метраў. Сума здзелкі склала 2,9 мільёна долараў — гэта самая дарагая купля ў сферы вытворча-складской нерухомасці за трэці квартал.

Кампаніяй кіруе Людміла Няронская, сяброўка Віктара і Ліліі Лукашэнкаў. За апошнія гады звязаныя з ёй фірмы актыўна пашыраюць уплыў у рыбнай галіне, што, паводле расследавальнікаў, прынамсі часткова тлумачыцца яе сувязямі з найбольш уплывовай сям’ёй краіны.

Няронская плануе адкрыць рыбаперапрацоўчы комплекс у СЭЗ «Мінск», а таксама мае дачыненне да кампаній «Марскія сезоны», «Марскія промыслы» і «БелМарэ Груп». У структуры яе бізнэсу працуюць зяць Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў і яго ўнук — Аляксандр Лукашэнка-малодшы, які валодае доляй у кампаніі «Сезон упакоўкі».

Што да збанкрутаванай «Белрыбы», то адно з найстарэйшых прадпрыемстваў галіны, заснаванае яшчэ ў 1950‑я гады, на працягу апошняга дзесяцігоддзя працавала са стратамі. Праблемы абвастрыліся ў 2022 годзе, калі завод спрабаваў абвясціць сябе банкрутам. Часткі прадпрыемства некалькі разоў перадавалі розным структурам, але гэта не дапамагло.

У 2024 годзе работнікі пераемніка «Белрыбы» — рыбакансервавага камбіната «Сталічны» — скардзіліся на пяцімесячныя затрымкі заробкаў. Пасля ўмяшання ўладаў грошы выплацілі, але ў 2025 годзе камбінат таксама пачаў працэдуру банкруцтва — патрабаванні крэдытораў перавысілі 1,5 мільёна рублёў.

Чытайце таксама:

Сяброўка Ліліі Лукашэнкі перапісала свае актывы ў Еўропе

Рыбная каралева Беларусі Няронская стане рэстаратарам. А маладога зяця Лукашэнкі зрабіла сваім дырэктарам

Унук Лукашэнкі зарэгістраваў кампанію ў аршанскім афшоры

Аляксандр Лукашэнка-малодшы засвяціўся ў рыбным бізнэсе

Каментары да артыкула