БЕЛ Ł РУС

«Байсол» не фіксуе істотнага змяншэння данатаў і донараў

14.11.2025 / 16:13

Nashaniva.com

Фонд BYSOL не адзначыў істотнага падзення колькасці ахвяраванняў і ахвярадаўцаў пасля таго, як аднаго з яго заснавальнікаў, Андрэя Стрыжака, абвінавацілі ў харасменце. Пра гэта на брыфінгу паведаміла аперацыйная дырэктарка фонду Ганна Дапшэвічуце, піша Reform.news.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Нягледзячы на прыпыненне супрацоўніцтва з Міжнародным гуманітарным фондам, Bysol працягвае выплачваць аднаразовую дапамогу сем’ям палітвязняў і вызваленым. У кастрычніку палітвязні атрымалі дапамогу па тысячы еўра на агульную суму 21 тысяча еўра. Выплаты па экстранным зборы за верасень фактычна завершаныя.

Таксама скончыліся 16 персанальных збораў на агульную суму 34 908 еўра. У фондзе адзначаюць, што колькасць і памер данатаў застаюцца на сярэднім узроўні — без выразнага спаду або росту.

Што тычыцца эвакуацыі, то ў кастрычніку правялі пяць выездаў з Беларусі і разглядзелі 16 зваротаў. Закрыццё межаў істотна на гэты напрамак не паўплывала.

Bysol працягвае бясплатна кансультаваць беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі. За мінулы месяц па «гарачай лініі» правялі 172 кансультацыі. Паступаюць звароты, звязаныя з пераследам: людзей выклікаюць на «гутаркі» і допыты.

Раней сузаснавальніка Bysol Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў харасменце. Унутраная камісія прапанавала цалкам спыніць з ім супрацоўніцтва і адхіліць ад любога кіраўніцтва ў фондзе. Аднак дырэкцыя з гэтым не пагадзілася і пакінула яго да сакавіка 2026 года. Пасля гэтага Міжнародны гуманітарны фонд выключыў Bysol са свайго складу. У верасні стала вядома, што Стрыжак усё ж пакідае каманду.

Чытайце таксама:

У «Байсол» вярнулася дырэктарка, якая абвяшчала пра звальненне з-за дыкпікаў Стрыжака

Сумленне, каханне, колы пекла і галівудскі фінал. У сям’і будаўніка і бібліятэкаркі з Пружанскага раёна Ігара і Юліі Лаптановічаў арыштавалі спачатку яго, пасля — яе, а пасля і бабулю

Аб'явілі збор на дапамогу былому палітвязню Мікалаю Казлову

Святар Аляксандр Кухта прызнаўся, што супрацоўнічае з «Байсолам», і расказаў, як працуе гэта арганізацыя

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Каментары да артыкула