Карціны з калекцыі Віктара Бабарыкі зноў спрабуюць прадаць
На аўкцыён паўторна выставілі частку калекцыі карцін Віктара Бабарыкі. Аб'явы апублікаваныя на сайце «БелЮрЗабеспячэння», заўважыла «Люстэрка».
Калаж з фота з сайта e-auction.by
Шэсць карцін з калекцыі палітзняволенага Віктара Бабарыкі прададуць з малатка 25 лістапада.
Сярод іх творы «Арлекін» і «Букет кветак» французска-польскага мастака Яўгена Зака. Стартавая цана першай — 79 449 рублёў, другой — 52 966. А таксама «Пейзаж» Міхаіла Кікоіна, карціну будуць прадаваць ад 45 021 рубля. І яго ж «Яблыні» — за 39 724. Працу мастака Парыжскай школы з Беларусі Восіпа Любіча «Тэатральная ложа», напісаную прыкладна ў 1925 годзе, выставілі ад 15 889 рублёў.
Калекцыю экс-банкіра ўжо спрабавалі прадаць у кастрычніку. Агульны стартавы кошт 19 твораў мастацтва быў каля 344 тысяч рублёў.
Частку карцін — найбольш танныя — тады прадалі.
Экс-старшыню праўлення «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыку прысудзілі 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чытайце таксама:
Лосік расказаў, як Бабарыку катавалі ў наваполацкай калоніі
«Такое ўражанне, што Віктара Бабарыку таксама рыхтуюць да вызвалення»